Надзея Саўчанка ў Менску сустракалася з Захарчанкам і Платніцкім



У Менску 21 снежня праходзіць чарговае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паведаміла ў „Фэйсбуку” Дар’я Оліфер — прэс-сакратар украінскага прадстаўніка на перамовах Леаніда Кучмы.

Апошняе сёлета пасяджэнне традыцыйна праходзіць у закрытым для прэсы рэжыме. Сустрэчы папярэднічалі перамовы падгруп кантактнай групы, паведаміла ў „Твітэры” МЗС Беларусі. Ці ўсё чатыры падгрупы (па эканамічных, гуманітарных, палітычных пытаннях і па пытаннях бяспекі) збіраліся, не паведамляецца.

Перамовы праходзяць у комплексе „Дыпсэрвіс-хол”.

Папярэдняя сустрэча кантактнай групы па Украіне ў Менску адбылася 7 снежня. Паводле вынікаў перамоў спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік паведаміў журналістам, што абмеркаванне пытання абмену палоннымі паміж бакамі канфлікту ў Данбасе праходзіць „з усё большым пачуццём адказнасці”.

У гэты ж дзень Менск таемна наведала дэпутат Вярхоўнай рады Украіны лётчыца Надзея Саўчанка, вызваленая ў траўні гэтага года з расейскай турмы. Яна не ўдзельнічала ў працы кантактнай групы, аднак сустракалася з кіраўнікамі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкім, з якімі абмяркоўвала магчымасць паскарэння працэсу абмену. Інфармацыя пра яе візіт была пацверджаная толькі 12 снежня.

belapan.by