Намеснік старшыні КХП-БНФ: Вяршыня інтэграцыі з Расеяй — новыя Курапаты



Вяршыняй інтэграцыі Беларусі з Расеяй могуць стаць новыя Курапаты, заявіў 3 лістапада ва ўрочышчы на мітынгу з нагоды Дзядоў намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Юрась Беленькі.

Паводле яго слоў, Расея з’яўляецца „правапераемніцай татара-мангольскага дэспатызму”. „Сёння мы назіраем, што адбываецца ў Расеі, калі людзей садзяць на рэальныя тэрміны ў турму толькі за рэпост у інтэрнэце, толькі за тое, што хтосьці на мітынгу не так паглядзеў на паліцэйскага, — заявіў палітык. — Праява дэспатызму — гэта хлусня, якой суправаджаўся захоп Украіны, гібрыдная вайна. І з гэтымі людзьмі мы павінны інтэгравацца? Падумайце, людзі, на гэтай курапацкай зямлі, пра якую інтэграцыю можна казаць!”

Паводле слоў Беленькага, „саюзны дагавор з’яўляецца абсалютна антыканстытуцыйным дакументам”, а людзі, якія яго падпісалі, „павінны былі сесці ў турму”. „Тыя, хто сёння заяўляюць, што дзейнічаюць у межах Саюзнай дзяржавы, збіраюцца здзейсніць вельмі цяжкае злачынства — здраду Радзіме”, — заявіў палітык.

Паводле слоў Беленькага, тэзіс абароны незалежнасці мусіць стаць галоўным. „Паколькі існуе пагроза нашай незалежнасці, а значыць, і магчымасць узнікнення новых Курапатаў, мы павінны зрабіць усё, каб гэтага не дапусціць”, — дадаў палітык.

З аналагічным пасылам выступіў член сойма КХП-БНФ Ігар Шчамялёў. Паводле яго слоў, „бальшавізм, сталінізм, знішчэнне гісторыка-культурнай спадчыны, русіфікацыя, калектывізм прыйшлі ў Беларусь разам з Расеяй”.

„Тут, у Курапатах, ляжаць ахвяры інтэграцыі з Расеяй, — адзначыў ён. — Тут ляжыць цвет нашай нацыі. Цяжка ўявіць, колькі тут ляжыць нашых нобелеўскіх прэмій і геніяльных твораў мастацтва сусветнага ўзроўню. Усё гэта было пахавана ў курапацкіх ямах расійскімі акупантамі”.

„Шмат хто сёння задаюцца пытаннем: што нам прынясе гэтая інтэграцыя. Адказ вельмі просты — дастаткова агледзецца і ўбачыць сотні расстрэльных ям праз кожны метр. Усяго іх тут 510. Такіх месцаў па нашай краіне тысяча. Вось што прынясе нам гэтая інтэграцыя”, — дадаў Шчамялёў.

Ён заклікаў „усімі спосабамі абараняць незалежнасць Беларусі”.

Мітынг завяршыўся каля 16 гадзін малітвай, ускладаннем кветак і запальваннем свечак.

belapan.by

[manual_related_posts]