Народнага дэпутата Украіны не пусцілі на „Чарнобыльскі шлях” (абноўлена)



Дэпутату Вярхоўнай Рады Украіны Ігару Гузю памежнікі Беларусі не дазволілі прыехаць на Чарнобыльскі шлях у Менску. Таксама палітык планаваў сустрэцца з роднымі беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на ўсходзе Украіны. Яму было адмоўлена ва ўездзе таму, што Гузь з’яўляецца неўязным у Расею, з якой  Беларусь заключыла пагадненне аб сумеснай ахове дзяржаўнай мяжы.

Як лічыць лідар Руху Салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык,  гэта абумоўлена моцным уплывам Расеі на ўкраінска-беларускія ўзаемадачыненні:

– З гэтым уплывам ён наўпрост сутыкнуўся цяпер, таму што, натуральна, такога б не адбылося яшчэ месяц таму. А зараз пасля таго, як узмацніліся рэпрэсіі ў Беларусі, ужо не пускаюць і прадстаўніка ўкраінскага парламенту на „Чарнобыльскі шлях”. Гэта пры тым, што Лукашэнка заўсёды казаў, што ён разумее і падтрымлівае Украіну.

Вячаслаў Сіўчык упэўнены, што ніякай рэакцыі з боку афіцыйнага Кіева на выпадак з Ігарам Гузём не будзе. Хоць ён і ўвахозіць у адну з кіруючых фракцый Вярхоўнай Рады „Народны Фронт”, аднак на ўзроўні Парашэнка – Лукашэнка ўсё добра. І таму цяперашняя ўкраінская ўлада, прэзідэнт і  ўрад краіны, не будуць адстойваць інтараэсы Ігара Гузя і дабівацца, каб ён змог уязджаць у Беларусь, – лічыць Вячаслаў Сіўчык.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Народны дэпутат Украіны Ігар Гузь ехаў з памочнікамі ў Менск, каб узяць удзел у акцыі “Чарнобыльскі шлях”. Акрамя таго, планаваліся яго сустрэчы з супрацоўнікамі амбасады Украіны, прадстаўнікамі ўкраінскай дыяспары ды апазіцыйных сілаў. Аўтамабіць дэпутата спынілі памежнікі, пазней пад’ехалі супрацоўнікі КДБ ды іншых органаў. У аўтамабілі правялі ператрус.

Беларускія памежнікі паставілі штамп у пашпарт народнага дэпутата Украіны Ігара Гузя, што ён неўязны ў Рэспубліку Беларусь, і прымусілі пакінуць прапускны пункт. Народны дэпутат вымушаны быў вярнуцца ва Украіну.