Народны дэпутат Украіны прапануе зняць з пасады пасла Украіны ў Беларусі



Народны дэпутат Украіны Ігар Гузь напісаў ліст прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку, у якім прапануе зняць з пасады пасла Украіны ў Беларусі Міхаіла Ежэля.

[youtube id=”U9KZEdaYnjo&list=UUoC_ODkvhAr9Y46C_YPbZ5Q”]

Каб вызначыць прычыны заявы, мы звязаліся з ініцыятарам звароту ўкраінскага дэпутата, выканаўчым дырэктарам Цэнтра дэмакратыі „Новая Еўропа” Ігарам Шчэкарэвічам:

– З Ігарам Уладзіміравічам я працую ўжо доўгі час. Гэта мая ініцыятыва напісаць прэзідэнту Украіны, народны дэпутат – яе адразу падтрымаў. Што тычыцца самой ідэі, то…трохі дзіўна, калі дыпламат, які звязаны з Януковічам, праз год пасля Майдану яшчэ займае гэтую пасаду амбасадара Украіны ў Беларусі. Да таго ж паўгода таму была ўзбуджана крымільная справа ў дачыненні да Ежэля па крадзяжах у войску. Ёсць і асабістая антыпатыя да яго з-за таго, што ў гадавіну Майдана ў Менску выйшлі на акцыю салідарнасці з Украінай, і пасля былі затрыманыя. Міхаіл Ежэль тады не зрабіў ніводнай заявы, не прыняў мер, каб яны былі вызваленыя.

РР: На якое рашэнне прэзідэнта Украіны вы разлічваеце? Чаму, ведаючы, што Ежэль быў прызначаны яшчэ Януковічам, Парашэнка вырашыў не меняць яго на іншага дыпламата?

Ігар Шчэкарэвіч: Невядомыя матывы, па якіх Парашэнка яшчэ не зняў Ежэля з яго пасады, але спадзяюся, што прэзідэнт Украіны ўсё ж прыме такое рашэнне і прызначыць новага пасла Украіны ў Беларусі.

РР: Каго б сёння можна было прызначыць на пасаду пасла Украіны ў Беларусі ўзамен Ежэля? Хто ведае стасункі Беларусі і Украіны найлепш? Патрэбны такі чалавек, які будзе выконваць сваю працу як былы пасол Украіны Раман Бяссмертны?

Ігар Шчэкарэвіч: Асабіста мне праца спадара Рамана Бяссмертнага падабалася, але ён не быў дыпламатам, а новым амбасадарам у Беларусь хучэй за ўсё будзе прызначаны дыпламат. Гэта нармальная сусветная практыка. Хто менавіта – зноў-такі пытанне да Міністэрства замежных спраў.

Генеральная пракуратура Украіны ў жніўні прад’явіла падазрэнне былому міністру абароны Украіны Міхаілу Ежэлю ў межах крымінальнай справы па падрыве абароназдольнасці Узброеных сіл.

СМІ пісалі пра тое, што Ежэля падазраюць у растраце 46 мільёнаў 700 тысяч грыўняў.  Міхаіл Ежэль быў міністрам абароны з 11 сакавіка 2010 па 8 лютага 2012 года. 3 красавіка 2013 года яго прызначылі надзвычайным і паўнамоцным паслом Украіны ў Беларусі.

lyst distr

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя