Наскевіч: Затрыманыя расейцы з ПВК даюць супярэчлівыя паказанні



Грамадзяне Расейскай Федэрацыі з прыватнай ваеннай кампаніі ўзятыя пад варту, яны даюць супярэчлівыя паказанні пра свой маршрут, заявіў вузкаму колу журналістаў старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч.

„Галоўным Следчым упраўленнем цэнтральнага апарата Следчага камітэта працягваецца актыўная фаза расследавання крымінальнай справы, распачатай 29 ліпеня па арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да масавых беспарадкаў). Падазраванымі па гэтай крымінальнай справе прызнаныя 33 грамадзяніны Расейскай Федэрацыі, і яны затрыманыя”, — сказаў Наскевіч. Фрагмент яго каментара быў паказаны ў эфіры праграмы „Панарама” на тэлеканале „Беларусь 1” увечары 1 жніўня. Перад гэтым Наскевіч, а таксама старшыня КДБ Валерый Вакульчык далажылі Аляксандру Лукашэнку пра ход расследавання справы.

Паводле слоў Наскевіча, 31 ліпеня ў дачыненні да затрыманых „следствам абраная і пракурорам санкцыянаваная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту”, „яны ўсе дапытаныя ў прысутнасці адвакатаў”.

„Падчас допытаў яны даюць самыя супярэчлівыя паказанні. У прыватнасці, пра тое, што група нібыта мела намер вылецець з Менска ў Стамбул, кажуць менш за палову людзей. Астатнія называюць зусім іншыя пункты канчатковага візіту, іншыя краіны”, — адзначыў кіраўнік СК.

Тыя, хто сцвярджаў, што збіраецца ляцець у Турцыю, называюць „розныя мэты траплення ў гэтую краіну”. „Хтосьці ляцеў загараць, хтосьці ляцеў адпачываць, хтосьці — ахоўваць нейкія аб’екты, нібыта наведаць мясцовы сабор Святой Сафіі. Пытанняў адносна мэтаў і задач з’яўлення гэтых 33 чалавек у Рэспубліцы Беларусь, вядома, узнікае ўсё больш і больш”, — заявіў Наскевіч.

Паводле яго слоў, з улікам магчымага з’яўлення ў краіне іншых асоб, пра якія самі затрыманыя пішуць у сваіх чатах, да 200 чалавек, праваахоўнікі робяць усе магчымыя меры па іх усталяванні і затрыманні.

„Калі такія будуць”, — дадаў Наскевіч, адзначыўшы, што, хаця дадзеныя аб падазроных асобах паступаюць у МУС, пакуль „ніхто дадаткова не затрымліваўся”.

У сюжэце „Панарамы” таксама сцвярджалася, што следства выявіла фактычныя недастасоўванні ў паказаннях затрыманых. Адна з версій: расейцы планавалі ляцець у Стамбул, аднак гэта „спланаванае загадзя алібі”. Паводле дадзеных, агучаных дыктарам, да аэрапорта група так і не даехала, замест гэтага яна спачатку засялілася ў мінскую гасцініцу IBB, дзе былі загадзя забраніраваныя нумары. „Пры высяленні з гэтай гасцініцы расейцы апавясцілі супрацоўнікаў, што з’язджаюць у аэрапорт, а на самай справе пераехалі ў санаторый „Беларусачка”, — сказана ў сюжэце.

Сярод іншых падрабязнасцяў: у створаны чат, дзе старшым групы ажыццяўлялася пераклічка, агульны збор, паступіў загад аб спаленні старых квіткоў на тэрыторыі санаторыя.

Пра затрыманне ў ноч на 29 ліпеня пад Менскам 32 баевікоў замежнай прыватнай ваеннай кампаніі (ПВК) паведамілі беларускія дзяржаўныя СМІ. Пазней з’явілася ўдакладненне, што гаворка ідзе пра т.зв. расейскую прыватную ваенную кампанію Вагнера, акрамя таго, на поўдні краіны быў затрыманы яшчэ адзін чалавек. Украіна мае намер патрабаваць выдачы 28 з 33 затрыманых у Беларусі грамадзян, якія прыбылі з тэрыторыі Расеі.

belapan.by