НАТА і Беларусь абменьваюцца бачаннем праблем бяспекі



НАТА і Беларусь вядуць дыялог і абменьваюцца бачаннем праблем у пытаннях бяспекі. Пра гэта заявіла прадстаўнік Дэпартамента па палітычных пытаннях і палітыцы бяспекі НАТА Таня Хартман 13 снежня на міжнародным семінары „Міжнародная бяспека і НАТА у 2018 годзе”.

Альянс узаемадзейнічае з многімі краінамі-партнёрамі і міжнароднымі арганізацыямі. Што тычыцца кантактаў з Беларуссю, то Таня Хартман звярнула ўвагу: „Ёсць шэраг ідэй, і ўсе яны не новыя, якія мы абмяркоўваем з беларускім бокам. Маюцца некаторыя сферы, дзе мы можам супрацоўнічаць больш цесна”.

Прадстаўнік НАТА адзначыла, што маецца ўзаемадзеянне з Беларуссю па тэме барацьбы з прыроднымі катаклізмамі.

„Кібербяспека – сфера, якой мы ў апошнія гады ўдзяляем вялікую ўвагу”, – сказала яна. Менавіта таму пытанні дыялогу і ўзаемаразумення становяцца ўсё больш важнымі. „Мы павінны разам з іншымі партнёрамі абмяркоўваць нашы трывогі ў гэтай сферы”, – лічыць прадстаўнік НАТА.

Таня Хартман не ўпершыню прыязджае ў Менск для ўдзелу ў дадзеным міжнародным семінары.

Мерапрыемства арганізавана Цэнтрам вывучэння знешняй палітыкі і бяспекі сумесна з Дэпартаментам публічнай дыпламатыі Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора, Фондам імя Конрада Адэнаўэра, сумесна з кантактным пасольствам НАТА ў Беларусі.

zviazda.by