Наталля Задзяркоўская: У Варшаве мы ствараем Музей Вольнай Беларусі



Беларуская культура выжывае ў эміграцыі. Праходзяць сустрэчы з пісьменнікамі, выступы музыкаў, вернісажы і іншыя актыўнасці. Паўстала і даволі незвычайная ідэя – стварыць Музей Вольнай Беларусі.

Пра гэта Яна Запольская паразмаўляла са сваёй госцяй – Наталляй Задзяркоўскай, адказнай па сацыяльна-культурных пытаннях у Народным антыкрызісным упраўленні ў камандзе Паўла Латушкі.

РР: Прапаную пачаць нашую размову з Музея Вольнай Беларусі, справай якога вы цяпер актыўна займаецеся. Што гэта за музей? І ці ёсць такая патрэба насёння ствараць такі музей у Польшчы ў Варшаве?

Наталля Задзяркоўская: Гэтая ідэя ў нас узнікла прыкладна год таму. І нават не ў нашай каманды. Быў такі запыт ад беларусаў, якія ў Беларусі. Бо сітуацыя складаецца такім чынам, што ўсё, што назапашвалі беларусы падчас пратэсту 2020 года, можна страціць. Пачаліся ператрусы, затрыманні. А гэта ўсё захоўвалася ў асабістых калекцыях. Зразумела, усё гэта можа быць знішчана, канфіскавана і г.д. А гэта, скажам так, задакументаваныя сведкі гэтых гістарычных падзеяў. Усе мы не спрачаемся, што гэта вельмі значныя гістарычныя падзеі для Беларусі. Па масавасці, па ўплыву, па рэвалюцыйных настроях не было такіх падзеяў за апошняе дзесяцігоддзе дакладна. І спачатку ўзнікла жаданне гэта ўсё захаваць, схаваць, каб не страціць. Шмат цікавага было і на пратэстных акцыях, я маю на ўвазе, напрыклад, прадметы мастацтва, нейкай народнай творчасці. Мы былі ўражаныя і плакатамі і нейкімі перформансамі і г.д. Шмат прадметаў людзі вынеслі з тых жа самых Акрэсціна і іншых турмаў. Гэта ўсё нашая гісторыя. Пройдзе час і ўсё гэта стане вельмі каштоўным для нас, беларусаў. І спачатку ўзнікла жаданне ўсё гэта захаваць, сабраць у адным месцы, каб яно не было страчана. Але захоўваць – гэта толькі адна частка справы, а трэба таксама паказваць людзям. І самім беларусам нагадваць, якімі мы былі, якімі мы засталіся, якія мы ёсць. І каб бачылі тыя ж самыя еўрапейцы і ведалі, пра наш пратэст. Праходзіць час, менш гавораць, гэта для беларусаў ужо нейкі ўчорашні час. Але гэта вельмі важна, ведаць які быў пратэст, як ён будзе працягвацца, пакуль мы не скінем гэты рэжым.

РР: Я так разумею, што гэтыя рэчы збіраюцца. Але дзе яны будуць захоўвацца? Ужо ёсць памяшканне, нейкі будынак, пакой, як мы ўяўляем пра музей?

Наталля Задзяркоўская: Так. Мы тры тыдні таму атрымалі доўгачаканае памяшканне. Яно знаходзіцца ў самым цэнтры Варшавы. І памяшканне дастаткова вялікае. Падыходзіць для стварэння музея ў яго традыцыйным разуменні. Там плошча вялікая – 370 квадратаў. Мы на ёй плануем з часам зрабіць экспазіцыю. А пакуль яна збіраецца, апрацоўваецца, робіцца апісанне прадметаў. Гэтая пляцоўка будзе працаваць як культурна-адукацыйная. Бо сучасны музей – гэта не статычныя экспанаты за шклом на нейкіх вітрынах. Гэта яшчэ камунікацыі, сустрэчы, імпрэзы, выставы і г.д.

Цалкам размова:

Размаўляла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]