Нацблок Visu Latvijai!: Перадвыбарчая агітацыя – толькі па-латышску



Прадстаўнікі нацыянальнага аб’яднання Visu Latvijai! – падалі на разгляд у Сейм Латвіі заканадаўчыя папраўкі, якія абвяшчаюць, што перадвыбарчую агітацыю ў Латвіі можна весці толькі на латышскай мове.

Аўтары паправак спасылаюцца на прэамбулу Канстытуцыі, у якой паказваецца, што Латвія была створана для таго, каб гарантаваць існаванне латышскай нацыі і латышскай мовы „праз стагоддзі”. Выкарыстанне толькі латышскай мовы ў перадвыбарчай агітацыі „пашырыць яе выкарыстанне ў якасці дзяржаўнай”, мяркуюць прадстаўнікі Нацблока.

За невыкарыстанне латышскай мовы ў перадвыбарчай агітацыі партыі і кандыдатаў прапануюць штрафаваць – фізічным асобам пагражае пакаранне ў памеры ад 100 да 700 еўра, а юрыдычным – ад 500 да 5000 еўра. Многія прарасейскія партыі Латвіі вядуць сваю агітацыю пераважна на расейскай мове, хаця яна не з’яўляецца ў Латвіі дзяржаўнай.

delfi.lv

Фота: LETA