Навошта збіраюць Усебеларускі народны сход?



Кіраўнік Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін мяркуе, што ніякіх лёсавызначальных для краіны рашэнняў на форуме прынята не будзе.

Як вядома, 11-12 лютага 2021 года ў Менску запланавана правядзенне VI Усебеларускага народнага сходу з абмеркаваннем пытанняў аб сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі і аб напрамках грамадска-палітычнага развіцця краіны.

Сяргей Калякін: На мой погляд, ніякіх лёсавызначальных для краіны рашэнняў на сходзе прынята не будзе. У іх і паўнамоцтваў няма, каб нешта прымаць, бо сход – гэта больш дарадчы орган, як гэта прапісана ў беларускім заканадаўстве. І навошта ўвогуле збіраць сход, каб прыняць нейкае рашэнне, якое Лукашэнка і сам можа прыняць?

Таму мне цікава будзе паглядзець, што там будзе абмяркоўвацца. Дарэчы, гэта ўжо другі сход, які будзе праводзіцца пры поўнасцю праваленых планах сацыяльна-эканамічнага развіцця. Ужо дзесяць гадоў мы правальваем гэтыя планы і незразумелая, што будзе ў перспектыве.

РР: У такім выпадку, навошта збіраюць Усебеларускі народны сход?

Сяргей Калякін: Мяркую, ніхто гэтага і сам не ведае. Раней хацелі на сходзе разглядаць змены ў Канстытуцыі , але ж гэта не першы сход. Яго збіраюць, здаецца, шосты раз. Хіба на папярэдніх былі прыняты нейкія лёсавызначальныя рашэнні? Сабралі з усёй краіны людзей па падрыхтаваных спісах, пагаварылі пра нейкія будучыя планы, якія затым не выконваюцца. Вось і ўвесь эфект.

РР: Можа быць, такім чынам вырашылі мабілізаваць грамадства пасля выбараў, якія паказалі, які сёння ў народа ўзровень падтрымкі гэтага рэжыма?

Сяргей Калякін: А якім чынам гэты сход нешта ці некага мабілізуе? У нас сёння рэжым і набліжаныя да яго людзі самі па сабе, а грамадства само па сабе. Я сумняваюся, што дэлегатаў на сход абіраюць у тым парадку, як гэта прапісана ў законе. Спіс фарміруюць, відаць, па тым жа прынцыпе, як і выбарчыя камісіі. Таму відавочна, што тыя людзі, якія будуць на сходзе, нікога не змогуць ні мабілізаваць, ні тым больш, нешта вырашаць. Прыедуць, пасядзяць і з’едуць. Нехта скажа слова ў падтрымку лініі партыі. Вось і ўсе іх функцыі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя