Назарбаеў выказаў заклапочанасць праблемамі ў адносінах Расеі і Беларусі



Тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым адбылася 20 лютага з ініцыятывы казахстанскага боку, паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка.

Адной з галоўных тэм сталі адносіны ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Бакі выказалі ўзаемную занепакоенасць у сувязі з існымі праблемамі.

„Прэзідэнт Казахстана выказаў заклапочанасць праблемнымі пытаннямі ў адносінах Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым ён упэўнены, што ўсе існыя праблемы будуць вырашаныя ў саюзе”, — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, Назарбаеў расказаў Лукашэнку пра праблемы паміж Казахстанам і Кыргызстанам і шляхі іх вырашэння.

Бакі абмеркавалі ўвесь комплекс беларуска-казахстанскіх адносін.

Назарбаеў запрасіў Лукашэнку ўзяць удзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва летам гэтага года, а таксама наведаць выставу „Экспа-2017” у Астане, дзе будзе працаваць і нацыянальная экспазіцыя Беларусі.

Як паведамлялася раней, гэты тыдзень Лукашэнка правядзе ў Сочы. Пра тэрміны паездкі і запланаваныя ў Сочы сустрэчы не паведамляецца.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Уладзімір Пуцін не плануе сустракацца з Лукашэнкам у Сочы. Працоўны графік Пуціна на найбліжэйшыя дні перапоўнены, „і сустрэчы такой не пазначана”.

Пяскоў падкрэсліў, што ў Сочы Лукашэнка знаходзіцца з прыватнай паездкай. „Разам з тым, безумоўна, працягваецца праца па ўзгадненні тэрмінаў правядзення Вышэйшага дзяржсавета Расіі і Беларусі”, — адзначыў прэс-сакратар прэзідэнта РФ.

belapan.by