Назіральнікі заяўляюць пра парушэнні падчас датэрміновага галасавання



Незалежныя назіральнікі ў Гомелі зафіксавалі факт прымусу да датэрміновага галасавання. У Навабеліцкай акрузе побач з выбарчым участкам №17 знаходзіцца вайсковая частка, якая, паводле словаў назіральнікаў, забяспечыла высокую яўку выбарцаў. Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэту па Гомельшчыне Алесь Яўсеянка звяртае ўвагу на тое, што суправаджалі салдатаў старэйшыя афіцэры.

– Кожны дзень туды прыводзілі галасаваць па некалькі груп салдат па 10 – 15 чалавек у суправаджэнні старэйшых афіцэраў. Яны нават не давяралі гэтую справу лейтэнантам і прапаршчыкам. На гэтым участку 1836 выбаршчыкаў, прагаласавала датэрмінова 717.

Паводле праваабаронцы Алеся Яўсеянкі, абмежавання выбарчых правоў вайскоўцаў можна было пазбегнуць, калі б салдаты атрымалі дазвол на часовае звальненне.

* * *

Парушэнне выбарчага заканадаўства на ўчастку для галасавання №6 горада Берасця зафіксавана Сяргеем Вакуленкам – даверанай асобай кандыдата Сяргея Пятрухіна па акрузе №1. Прарэз скрыні для датэрміновага галасавання заклейваўся па-рознаму. У адныя дні датэрміновага галасавання ён быў заклеены аркушам паперы, у іншыя – пластылінам, – распавёў Сяргей Вакуленка:

– Гэта ніяк не можа быць заклейванне, абавязкова мусіць быць апячатванне скрыні. 

Як адзначыў Сяргей Вакуленка, яшчэ на адным выбарчым участку прарэз на скрыні для гасавання заклейваюць аркушам паперы і скотчам, што таксама недапушчальна.

Беларускае Радыё Рацыя