Нідэрлянды: поспех правых на парламенцкіх выбарах



Нядаўна створаная ў Нідэрляндах партыя „Форум за дэмакратыю” атрымае адразу 12 месцаў у Першай палаце парламента. Кіроўная кааліцыя на чале з прэм’ерам Маркам Руттэ страціла бальшыню.

Партыю „Форум за дэмакратыю” многія называюць папулісцкай. Прадстаўнікі новай палітычнай партыі, якая стварылася толькі два гады таму, выйгралі на выбарах ажно 12 мандатаў у палаце, якая налічвае 75 месцаў.

„Форум за дэмакратыю” такім чынам сфармуе адну з дзвюх фракцый у Першай палаце. Роўна такую ж колькасць месцаў атрымае і кансерватыўная Народная партыя за свабоду і дэмакратыю на чале з Руттэ.

Кіраўнік „Форума за дэмакратыю” Цьеры Бодэ увечары 20 сакавіка заявіў сваім прыхільнікам, што кіроўныя партыі расплаціліся за „фанабэрыю і глупства”. Ён звінаваціў урад Руттэ ў тым, што ён „шырока расчыніў” межы Нідэрляндаў. Нагадаўшы пра нядаўні тэракт у горадзе Утрэхт, Бодэ сказаў, што ў краіне разгуляліся гвалтаўнікі і злодзеі, што ёсць ганебным для дзяржавы. Яшчэ раней Бодэ агітаваў за выхад Нідэрляндаў з Еўразвязу.

Цягам правінцыйных выбараў абіраюцца 570 дэпутатаў у 12 штатах, якія сваім парадкам абіраюць 75 дэпутатаў Першай палаты парламента ў Гаазе.

Чатыры партыі, якія ўваходзяць у склад кіроўнай кааліцыі, зараз будуць мець у Першай палаце толькі 31 месца замест 38 ранейшых. Гэта азначае, што ім трэба шукаць падтрымку іншых партый, каб прадоўжыць кіраванне.

Беларускае Радыё Рацыя