„Ніхто не плануе ваяваць з Беларуссю. Плануе ваяваць толькі Лукашэнка”



З кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, былым міністрам культуры і амбасадарам Паўлам Латушкам наконт пераследу яго дачкі і блізкіх, а таксама пра пасланне Лукашэнкі народу і парламенту размаўляў наш карэспандэнт Стась Дадэрка.

РР: Стала вядома, што супраць вашай дачкі Яны завялі крымінальную справу, і стала гэта вядома акурат падчас так званага паслання Лукашэнкі народу і парламенту. То бок сілавікі адразу “ўзялі пад казырок”. Як вы пра гэта дазналіся?

Павел Латушка: Мы атрымалі інфармацыю некалькі тыдняў таму, што так званы генеральны пракурор Беларусі Швед наклаў рэзалюцыю на адпаведную прапанову Цэнтральнага следчага камітэта Беларусі на тое, каб устанавіць усю маю маёмасць, маёй дачкі, таксама блізкіх, маіх суродзічаў, усе банкаўскія рахункі, якія ёсць, на якія рабіліся аплаты за апошнія гады, фактычна дзесяцігоддзі. І пазней ужо мы мелі копію гэтага ліста, які быў накіраваны ў банкаўскія структуры Беларусі, а таксама ў іншыя дзяржаўныя ўстановы.

А пазней менавіта так склалася, што якраз падчас выступлення Лукашэнкі з так званым пасланнем прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, якія шукалі маю дачку і сказалі, што супраць яе ўзбуджана крымінальная справа. А пазней мы ўжо даведаліся па сваіх дзвюх незалежных крыніцах, што на кватэру яшчэ ў чацвер быў накладзены арышт. Кватэра – гэта  кватэра бацькоў, пабудаваная яшчэ ў 1985 ці 86 годзе. Так што ёй даволі дастаткова гадоў, але яна перайшла да маёй дачкі. Так што вырашана накласці арышт.

Я, канешне, магу прадугледзіць, што гэта звязана з маёй палітычнай і грамадскай дзейнасцю. Зараз яны спрабуюць такім чынам пакараць мяне, караючы таксама і маю дачку, і маіх блізкіх. Я не ведаю, на якой падставе можа быць узбуджаная крымінальная справа да маёй дачкі, але для таго, каб накласці арышт на маёмасць у гэтай сітуацыі, ім патрэбна нейкая прававая падстава. Што сталася юрыдычнай падставай, можа, мы даведаемся бліжэйшым часам.

РР: Добра, што Яна знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, у бяспецы так ці інакш. Увогуле менавіта падчас паслання Лукашэнка сказаў, што варта заняцца маёмасцю, як ён сказаў, “збеглых”. Якое ўражанне ў вас пакінула гэтая прамова Лукашэнкі? Відавочна, што ён намагаўся неяк супакоіць наменклатуру, сказаць, што ўсё пад кантролем і ўсё ў парадку, як заўжды. Але, можа быць, атрымалася наадварот?

Павел Латушка: Так, сапраўды, вы заўважылі, што якраз ён кажа пра маёмасць так званых “збеглых”, ён кажа, што яны павінны прыпаўзці на каленях, каяцца, а Швед і Азаронак будуць судзіць, ці варта іх будзе  рэцасалізаваць у грамадстве, а можа іншае зрабіць, як, напрыклад, на гэтым тыдні былі пагрозы наконт таго, што знаходзіцца чалавек, і BYPOL, менавіта ён устанавіў, што ён прыехаў з заданнем рэалізоўваць самы найгоршы сцэнар. Так што гэта ўсё выглядае як зрэжысаваная сітуацыя.

Што тычыцца выступлення Лукашэнкі? Па-першае, слушна заўважыў Балкунец аб тым, што 36 разоў прагучала слова вайна падчас гэтага выступу. Можаце сабе ўявіць: чалавек, які хоча называцца, незаконна, зразумела, кіраўніком дзяржавы, пастаянна кажа слова “вайна”. Каму гэта можа падабацца?

Мы зноў пабачылі дыктатара „ва ўсёй красе”. Дыктатар сказаў, што будзе яшчэ горш, што ён не будзе рабіць ніякіх захадаў, накіраваных на тое, каб у грамадстве была згода, каб выйшлі палітычныя зняволеныя. Ён фактычна прызнаў існаванне палітычных зняволеных у Беларусі.

І гэтае выступленне, мы пабачылі, не атрымала той падтрымкі, на якую ён разлічваў, бо нават у адзін момант ён сказаў: а што вы так слаба мне апладыруеце, давайце галасней. Людзі разумныя, якія сядзелі ў гэтай залі, разумеюць да чаго гэта ўсё ідзе. Гэта фактычна вар’ят, які выступае перад людзьмі, перад беларусамі, расказвае пра вайну, пра тое, што нібыта Літва нападзе на Беларусь. Маленькая Літва будзе планаваць акупаваць Беларусь, альбо Польшча, якая будуе зараз агароджу дзеля таго, каб павялічыць бяспеку ад нелегальных мігрантаў, менавіта ад дзейнасці памежных сілаў Беларусі, будуе бетонную агароджу, але плануе напасці на Беларусь. Цікава мне паглядзець на тых вайскоўцаў, якія даюць згоду будаваць бетонную агароджу, а пазней плануюць напад.

Альбо Україна, якая мае цяпер велізарны канфлікт з Расейскай Федэрацыяй, таксама будзе нападаць на Беларусь!? Хто з беларусаў у гэта верыць!? Я спадзяюся, што ніхто. Нават сярод яго прыхільнікаў, думаю, што 3% і будуць тыя, хто паверыць у гэтую ўсю легенду. Ніхто не плануе ваяваць з Беларуссю. Плануе ваяваць толькі Лукашэнка. Бо дыктатару трэба вораг, ворагам для яго з’яўляюцца беларусы. Ён марыць паставіць беларусаў на калені, каб мы ўсе прасілі яго ласкі і выбачаліся, чаму яго не падтрымалі. А ён ужо падумае, ці выбачыць нас, ці не.

А другі вораг – гэта знешні, і ён пра гэта заўсёды кажа. Дарэчы, трэба зразумець, што гэта ўжо фактычна парушэнне Міжнароднага заканадаўства, тое, што робіць Лукашэнка. І ўсё ж такі свет не стаіць на месцы, і накатваюцца праблемы таксама і на Лукашэнку, і яны будуць усё больш і больш заціскаць яго ў ціскі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]