Новы пасол Польшчы ўручыў копіі даверчых грамат кіраўніку МЗС Беларусі



Новы пасол Польшчы Артур Міхальскі 12 чэрвеня ўручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею, паведамляе прэс-служба МЗС.

Бакі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў беларуска-польскага супрацоўніцтва, адзначаная станоўчая дынаміка двухбаковых палітычных кантактаў і парламенцкіх сувязяў, а таксама рост гандлёвага абароту паміж дзвюма краінамі. Макей і Міхальскі „пагадзіліся з неабходнасцю спрыяць далейшаму паляпшэнню клімату даверу і ўзаемаразумення паміж Беларуссю і Польшчай, а таксама павышаць якасць і практычную аддачу ад двухбаковых кантактаў”, адзначаецца ў паведамленні.

Артур Міхальскі быў прызначаны на пасаду пасла Польшчы ў Беларусі ў траўні гэтага года. Ён скончыў Акадэмію каталіцкага багаслоўя. У 1991—1996 гадах быў другім, а затым першым сакратаром пасольства Польшчы ў Маскве.

У 1996—1997 гадах Міхальскі кіраваў расійскім дэпартаментам у Цэнтры ўсходніх даследаванняў. У 1997—2000 гадах працаваў у дэпартаменце Усходняй Еўропы МЗС Польшчы.

У 2000—2004 гадах Міхальскі займаў пасаду першага сакратара, а затым дарадцы пасольства Польшчы ў Вашынгтоне.

З 2004 па 2006 гады — працаваў у дэпартаменце Амерыкі польскага МЗС.

У 2006—2010 гады Міхальскі ўзначальваў польскае пасольства ў Канадзе. Пасля вяртання ў Варшаву займаў пасаду намесніка дырэктара, а затым дырэктара Усходняга дэпартамента МЗС.

У 2012—2017 гадах ён быў польскім паслом у Малдове. Са жніўня 2017 года Міхальскі зноў займаў пасаду дырэктара Усходняга дэпартамента Міністэрства замежных спраў.

belapan.by