Новым міністрам абароны прызначаны Віктар Хрэнін



Новым міністрам абароны Беларусі прызначаны Віктар Хрэнін, паведамляе тэлеграм-канал „Пул першага”. Ранейшы кіраўнік Мінабароны Андрэй Раўкоў прызначаны дзяржсакратаром Савета бяспекі.

Як паведамляе сайт Міністэрства абароны, генерал-маёр Віктар Хрэнін нарадзіўся 1 жніўня 1971 года ў Навагрудку (Гарадзенская вобласць).

Скончыў Усурыйскае сувораўскае ваеннае вучылішча ў 1988 годзе, у 1992 годзе — Омскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча імя Фрунзэ. Ваенную службу праходзіў на розных пасадах.

У 2005 годзе скончыў Ваенную акадэмію Беларусі і служыў на пасадах старшага афіцэра аператыўнага аддзялення аператыўнага аддзела штаба Заходняга аператыўнага камандавання, намесніка камандзіра, начальніка штаба — першага намесніка камандзіра 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання, начальніка штаба — першага намесніка камандзіра 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання, старшага афіцэра аддзела галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл, камандзіра 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання, камандзіра 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання, намесніка камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання.

З ліпеня 2014 года быў прызначаны начальнікам штаба — першым намеснікам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных сіл Беларусі.

23 чэрвеня 2015 года заняў пасаду камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных сіл.

belapan.by

[manual_related_posts]