Новым паслом Францыі ў Беларусі прызначаны Нікаля дэ Буян дэ Лякост



 Пасол Францыі Дзідзье Канес раніцай 2 кастрычніка вылецеў з Менска ў сувязі з завяршэннем дыпламатычнай місіі ў Беларусі.

Канес узначальваў пасольства на працягу чатырох гадоў — з верасня 2016 года. Перад ад’ездам ён паведаміў, што ў канцы кастрычніка плануе прыбыць у Нур-Султан (Астану) на пасадзе надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Францыі ў Казахстане.

Дэкрэтам прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона ад 14 верасня новым паслом у Беларусі прызначаны Нікаля дэ Буян дэ Лякост, які да гэтага займаў пасаду намесніка дырэктара па кантынентальнай Еўропе галоўнага ўпраўлення па пытаннях палітыкі і бяспекі Міністэрства Еўропы і замежных спраў. У 2012—2016 гадах працаваў першым дарадцам пасольства Францыі ў Расеі. Мае вышэйшы класны чын дарадцы па замежных справах па-за класам. 29 жніўня яму споўнілася 56 гадоў. Сын французскага дыпламата Жана-Наэля дэ Буяна дэ Лякоста (1934—2020) і ўнук даследчыка творчасці вядомага французскага паэта Арцюра Рэмбо Анры-Адрыена дэ Буяна дэ Лякоста (1894—1956).

Дата прыезду новага пасла пакуль невядомая. Дэ Лякост стане восьмым кіраўніком французскага дыппрадстаўніцтва ў Мінску з моманту здабыцця Беларуссю незалежнасці.

Цяперашняя ратацыя паслоў адбылася на фоне абвастрэння адносінаў афіцыйнага Менска з дзяржавамі ЕС і, у прыватнасці, з Францыяй, якая не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і Аляксандра Лукашэнку ў якасці прэзідэнта.

27 верасня ў інтэрв’ю Le Journal du Dimanche Эманюэль Макрон заявіў, што Лукашэнка „павінен сысці”. „Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта крызіс аўтарытарнай улады, якая не можа прыняць логіку дэмакратыі і трымаецца сілай. Ясна, што Лукашэнка павінен сысці”, — сказаў ён.

29 верасня падчас афіцыйнага візіту ў Вільню Макрон сустрэўся з экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Святланай Ціханоўскай і заявіў, што гатовы дапамагчы ва ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне. Паводле яго слоў, пасрэднікам у гэтым працэсе можа выступіць Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).

belapan.by