Новым старшынём Следчага камітэта прызначаны Дзмітрый Гара



Аляксандр Лукашэнка прызначыў старшынём Следчага камітэта Дзмітрыя Гару. Пра гэта паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.

З канца 2019 года Гара займаў пасаду намесніка генеральнага пракурора, да гэтага на працягу 10 гадоў узначальваў следчае ўпраўленне КДБ.

Дзмітрый Гара нарадзіўся ў 1970 годзе ў Тбілісі (Грузія). У 1993 годзе скончыў Ваенны Чырванасцяжны інстытут у Маскве па спецыяльнасці „Правазнаўства”, у 2018-м — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі па спецыяльнасці „Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка”. З верасня 1993 года працаваў следчым, старшым следчым, старшым следчым па асабліва важных справах у КДБ. У 2008—2009 гадах кіраваў трэцім упраўленнем Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Беларусі.

На пасадзе старшыні Следчага камітэта Гара змяніў Івана Наскевіча, які займаў гэтую пасаду з лістапада 2015 года.

Наскевіч нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Цярэблічы Столінскага раёна. З сакавіка 1995 года — на службе ў органах пракуратуры Берасцейскай вобласці на следчай працы, узначальваў пракуратуру Брэсцкай вобласці. Уключаны ў санкцыйны спіс ЕС. Пры Наскевічу з лета 2020 года падраздзяленнямі Следчага камітэта было распачата больш за 2.300 крымінальных спраў экстрэмісцкай накіраванасці і ніводнай крымінальнай справы — па заявах пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў.

belapan.by