Някляеў: Лукашэнка рыхтуе сцэнар, падобны да сцэнара 2010 года



Менгарвыканкам не хоча сустракацца з заяўнікамі акцыі 25 сакавіка. Гэтую сітуацыю нашаму радыё каментуе палітык Уладзімір Някляеў.

РР: Чаму гэтую сустрэчу чыноўнікі ўвесь час пераносяць?

Уладзімір Някляеў: Менгарвыканкам не мае ніякіх паўнамоцтваў на тое, каб дазволіць ці не дазволіць правесці ў сталіцы нацыянальнае свята. Гэта не ягоная кампетэнцыя, усё вырашаецца ў Адміністрацыі Лукашэнкі і непасрэдна Лукашэнкам. З гэтага вынікае, што дагэтуль  Лукашэнка не прыняў канчатковага рашэння, што яму рабіць 25 сакавіка – ці ў кроў збіваць людзей, ці ўсё такі прычапіць да сябе крылы галубка. Рашэнне не прынятае, бо яно вельмі небяспечнае. Памылка можа каштаваць дорага ўсім – і нам, грамадзянам краіны, і тым, хто думае сёння, як скруціць нам галаву.

РР: У рэгіёнах дазволілі святкаванне 25 Сакавіка. Гэта пра нешта сведчыць?

Уладзімір Някляеў: Дазволілі, каб паказаць, вось, глядзіце, дзе няма ворагаў, пятай калоны, дзе людзі сустракаюцца з прадстаўнікамі ўладаў. А вось там сабраліся бандыты. Бо па-сутнасці  што робіцца?  Звычайных хлопцаў арыштоўваюць як тэрарыстаў-бандытаў. Нейкая зброя перакідваецца, па словах Лукашэнкаі, у Менск. Ён проста сам рыхтуе сцэнар, падобны да сцэнара 2010 года. Гэта вельмі небяспечна. Але я спадзяюся, што ўсё ж такі знойдуцца людзі, якія астудзяць ягоную галаву. І што рашэнне ў рэшце рэшт будзе адэкватнае.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя