Нямеччына выслала амаль 24 тысячы мігрантаў



За 11 мінулых месяцаў Нямеччына выслала больш мігрантаў, чым за ўвесь 2015 год. Дзясяткі тысяч хочуць добраахвотна з’ехаць з краіны.

19298549_303

Нямецкія ўлады да канца лістапада 2016 года выслалі з краіны 23 750 мігрантаў. Пра гэта паведамляе ў чацвер, 22 снежня, газета Die Welt са спасылкай на міністэрства ўнутраных спраў. За ўвесь 2015 год было выслана 20 888 чалавек.

Па звестках міністэрства, да першага снежня было прынятае станоўчае рашэнне па выдзяленні кампенсацыі 51 243 асобам, якія выявілі жаданне добраахвотна пакінуць Нямеччыну. У 2015 годзе колькасць такіх заявак склала 35 000.

Працэс добраахвотнай і прымусовай адпраўкі з Нямеччыны ішоў значна менш актыўна, чым прыём новых бежанцаў. За адзінаццаць месяцаў Федэральнае ведамства па справах міграцыі і бежанцаў разгледзела і вынесла рашэнне па 616 000 заяўках, што на 160 адсоткаў больш, чым у 2015 годзе. Станоўчае рашэнне, якое дае уцекачам магчымасць застацца ў Нямеччыне, вынесена ў 63 працэнтах выпадкаў (49,8 у 2015 годзе).

DW