Нямецкі саюз журналістаў запатрабаваў спыніць пераслед беларускіх



Неадкладна спыніць „сістэматычны пераслед” крытычна настроеных журналістаў у Беларусі, а таксама вызваліць заснавальніцу „Прэс-клуба” Юлію Слуцкую заклікаў Нямецкі саюз журналістаў (DJV).

Старшыня саюза Франк Юбераль бачыць у крымінальным пераследзе Слуцкай „шытую белымі ніткамі нагоду прымусіць замаўчаць вядомага крытыка лукашэнкаўскай дыктатуры”. Паводле яго слоў, ухіленне ад выплаты падаткаў — абвінавачанне, якое часта вылучаецца беларускім рэжымам супраць сваіх крытыкаў.

З пачатку пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі было затрымана больш за 470 журналістаў, адзначаецца ў заяве DJV. „Гэта брутальная спроба спыніць крытычнае асвятленне падзей”, — лічыць Франк Юбераль.

На Беларусь, падкрэсліў ён, распаўсюджваецца той жа пастулат, што і на іншыя краіны: „Свабода СМІ — усеагульнае фундаментальнае права”.

У жніўні мінулага года DJV падтрымаў супрацоўнікаў беларускага тэлебачання і іншых вяшчальнікаў, якія ўдзельнічалі ў забастоўцы, а ў кастрычніку заклікаў улады краіны спыніць пераслед СМІ.

Даведка БелаПАН. Затрыманая 22 снежня 2020 года пасля прылёту ў мінскі аэрапорт Юлія Слуцкая падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК), яшчэ чатыры работнікі „Прэс-клуба” — у саўдзеле (ч. 6 арт. 16 КК) гэтага злачынства. Паводле інфармацыі адвакатаў, 31 снежня Слуцкай, яе сыну Пятру, Сяргею Альшэўскаму, Але Шарко і Ксеніі Луцкінай былі выстаўленыя абвінавачванні. Максімальнае пакаранне паводле ч. 2 арт. 243 — сем гадоў пазбаўлення волі.

belapan.by