Офіс Святланы Ціханоўскай: Патрабуем неадкладнага вываду расейскіх войскаў



Офіс Святланы Ціханоўскай прыняў тэрміновую заяву аб наступствах любых дзеянняў супраць суверэнітэту Беларусі.

У заяве гаворыцца, што нягледзячы на ўсе запэўніванні рэжыму, пасля 20 лютага расейскія войскі ня будуць выведзеныя з Беларусі. Гэта значыць, што беларусаў «увесь гэты час падманвалі, а Лукашэнка страціў самастойнасць у прыняцці рашэнняў». З-за яго Беларусь губляе суб’ектнасць, а беларусы — кантроль над уласнай краінай.

«Знаходжанне на нашай тэрыторыі расейскіх войскаў парушае нашую Канстытуцыю, міжнароднае права, ставіць пад пагрозу бяспеку кожнага беларуса і цэлага рэгіёну. Беларусь уцягваюць у чужую вайну і ператвараюць у краіну-агрэсара. Лукашэнка расплачваецца за падтрымку Крамля суверэнітэтам — і цяпер мы бачым наступствы», дадае Ціханоўская.

Офіс Ціханоўскай патрабуе неадкладнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі і будзе дамагацца, каб гэтае пытанне было вынесенае на разгляд Рады Бяспекі ААН.

[manual_related_posts]