Па факце затрыманняў у Гародні пачата крымінальная справа



Следчымі пачатая крымінальная справа за нібыта гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў па факце інцыдэнту 29 траўня ў Гародні на пікеце ў падтрымку Святланы Ціханоўскай.

МУС у афіцыйным тэлеграм-канале ведамства пракаментавала затрыманне блогера Сяргея Ціханоўскага ў Гародні. У ім гаворыцца наступнае:

«29 траўня, у Гродне на Савецкай плошчы былі затрыманыя асобы, у тым ліку раней судзімыя, якія неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, якія ўжылі гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі Ленінскага РАУС з мэтай перашкодзіць іх законнай дзейнасці. Сярод затрыманых гомельскі блогер Сяргей Ціханоўскі. Следчымі пачатая крымінальная справа за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Двум міліцыянтам прычыненыя цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці, яны ў цяперашні час шпіталізаваны».

Напомнім, што ўчора ў Гародні была ўчыненая правакацыя, у выніку штурханіны адзін з міліцыянтаў распластаўся на асфальце. На розных відэа ніякіх гвалтоўных дзеянняў у дачыненні міліцыянтаў ня бачна.

Позна ўвечары стала вядома, што 8 чалавек перавезлі з Гародні ў Менск на Акрэсціна. Яшчэ трох чалавек пасля апытання следчымі выпусцілі на волю.

Беларускае Радыё Рацыя