Пачала працу Канстытуцыйная камісія



Першая нарада Канстытуцыйнай камісіі адбылася ў Палацы Незалежнасці 15 сакавіка.

Тэлеграм-канал „Пул Першага” апублікаваў склад камісіі. У ёй 34 чалавекі — прадстаўнікі ўрада і парламента, праўладныя грамадскія дзеячы, медыкі, спартсмены і іншыя. У прыватнасці, працаваць над зменамі ў Канстытуцыю будуць прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, кіраўнік Савета Рэспублікі Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан, палітолаг Аляксандр Шпакоўскі, былы генеральны пракурор Рыгор Васілевіч, паралімпіец Аляксей Талай.

12 лютага дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу прынялі рэзалюцыю, якая прадугледжвае змену Канстытуцыі і пераразмеркаванне паўнамоцтваў галін улады. Яны ўхвалілі прапанову стварыць Канстытуцыйную камісію з ліку прадстаўнікоў дзяржорганаў, юрыдычнай грамадскасці, розных галін эканомікі і сацыяльнай сферы. Камісіі даручана распрацаваць у 2021 годзе прапановы аб змене Канстытуцыі „для іх наступнага вынясення на ўсенароднае абмеркаванне і рэспубліканскі рэферэндум”.

Камісіі належыць выпрацаваць прапановы „па пераразмеркаванні паўнамоцтваў паміж дзяржорганамі, у тым ліку органамі мясцовага кіравання і самакіравання, узмацненні ролі палітычных партый у жыцці краіны, падтрымцы стваральных ініцыятыў грамадзянскай супольнасці, скіраваных на вырашэнне канкрэтных сацыяльна-эканамічных праблем, павышэнне якасці жыцця людзей, садзейнічанне найбольш поўнага раскрыцця творчага патэнцыялу моладзі, распрацоўцы праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва, зацвярджэнні ў грамадстве традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў і ўстановак беларускага народа”.

Выступаючы на сходзе, Лукашэнка заявіў, што рэферэндум па новай Канстытуцыі можна сумясціць з мясцовымі выбарамі. Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама, мясцовыя выбары павінны прайсці не пазней за 18 студзеня 2022 года.

belapan.by