Пачалася рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты



У адпаведнасці з графікам правядзення выбарчай прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі 5 ліпеня пачалася рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты.

Дакументы для рэгістрацыі ў якасці кандыдата на вышэйшую кіраўнічую пасаду падалі сем чалавек: Віктар Бабарыка, Андрэй Дзмітрыеў, Ганна Канапацкая, Аляксандр Лукашэнка, Святлана Ціханоўская, Валерый Цапкала і Сяргей Чэрачань.

Сёлета пратэстная частка грамадства мае канкрэтны і зразумелы мэсэдж “Хто заўгодна – толькі ня ён!”, гэта вельмі бянтэжыць уладу, – кажа былы старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Анатоль Ляўковіч:

– Сітуацыя ў гэтым сэнсе вельмі цяжкая для ўлады. Памяняць вось гэтую грамадскую думку, вось гэты мэсэдж у прынцыпе немагчыма. Можна паспрабаваць сфармаваць іншы мэсэдж, што толькі ён лепей для грамадства, каб ён правёў палітычную мадэрнізацыю. У тым сэнсе, што сёння мы маем персаналіскі аўтарытарны рэжым, а павінны быць нармальныя дэмакратычныя інстытуты, то бок улада павінна быць перададзена інстытутам.

Пачаткова ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп для збору подпісаў у падтрымку прэтэндэнтаў. Яны павінны былі сабраць ня менш ста тысяч подпісаў, і сем чалавек заявілі пра збор гэтай колькасці. Аднак пасля праверкі падпісных лістоў у Валерыя Цапкалы прызналі сапраўднымі толькі больш за 75 тысяч подпісаў.

Рэгістрацыя кандыдааў пройдзе з 5 па 14 ліпеня, а пасля пачнецца агітацыя. Датэрміновае галасаванне пройдзе з 4 па 8 жніўня, асноўны дзень галасавання – 9 жніўня.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]