Для Аляксея Мілера ў Менску былі надзвычайныя меры бяспекі
21-га жніўня Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт расейскага “Газпрама” Аляксей Мілер заклалі капсулу на месцы будаўніцтва комплекса “Газпрамцэнтр”, што будзе месціцца на зруйнаванай пляцоўцы аўтавакзала “Маскоўскі”, на перасячэнні сталічнага праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава.
Ён мусіць аб’яднаць дзевяць будынкаў рознай вышыні са 180-метровым гмахам у цэнтры. А таксама гатэлевым, кангрэс-цэнтрамі ды паркінгам са шматпрофільнымі медыцынскім, спартовым і дзіцячым цэнтрамі.
Падчас мерапрыемстваў былі прынятыя надзвычайныя меры бяспекі.
Кажа жыхар аднаго з навакольных дамоў Уладзімір Міхарскі:
– Я побач жыву, нават не далі мне магчымасці стаць на аўтобусным-тралейбусным прыпынку каля краю, сказалі: “Адыйдзіце ад праезджай часткі, тут цяпер павінен праязджаць картэж “. У мяне побач жыве сваячніца, у яе доме кватэры абыйшлі, сказалі зачыніць не толькі вокны, але і форткі, і балконы. А гэта быў, між іншым, дом КДБ, яны нават ім не вераць.
Заканчэнне запланаваных будаўніцтваў прымеркаванае на 2018 год. Хоць, як вы чулі, адмыслоўцы ўжо выказваюць сумненні з-за недахопу фінансавых сродкаў.
Беларускае Радыё Рацыя
