Падчас вобшуку на лецішчы маці Ціханоўскага знойдзена 900 тыс долараў



Падчас начнога вобшуку на лецішчы маці папулярнага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага пад Гомелем знойдзена 900 тысяч долараў, паведаміў БелаПАН прадстаўнік прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Святланы Ціханоўскай Аляксандр Кабанаў.

Паводле яго слоў, інфармацыю аб знойдзеных грошах яму пацвердзіла Ціханоўская, з якой ён увесь час знаходзіцца на сувязі.

Вобыск пачаўся ў 15.00 3 чэрвеня і на восьмую гадзіну раніцы сённяшняга дня яшчэ доўжыўся. Грошы былі знойдзеныя блізу раніцы.

Уначы сябар Ціханоўскага, які знаходзіўся на лецішчы, паведаміў БелаПАН, што падчас вобыску, які фактычна праводзіўся тры разы, прайшлі агляды не толькі дома, але і прыбіральні, гаража, павеці. Тры разы змянялі панятых, склалі тры пратаколы агляду. У вобыску ўдзельнічалі 13 чалавек: следчыя, аператыўнікі, прыехала начальства з Гомеля.

” І панятыя нейкія незразумелыя: аператыўнік бярэ сваю сумку, вешае панятой на плечы і кажа: „Патрымаеш?” Гэта як наогул? Пераварочваюць усё, аглядаюць дзіцячы абутак, фільтры ад аўтамабіля, аптэчку, усе паперкі, шкляначкі — усё спрэс, — расказаў сябар блогера. — Мы чулі, як толькі начальнік нейкі прыехаў, ён запытаўся: „Знайшлі забароненыя рэчывы?” Ну, вось, шукаюць, напэўна”.

Відавочца сказаў, што следчыя канфіскавалі дакументы аб прадпрымальніцкай дзейнасці Ціханоўскага за 2003 і 2006 гады (дамовы, бухгалтарскія справаздачы) і „старыя, прымітыўныя” рацыі, якія Ціханоўскі ў свой час выкарыстоўваў, калі здымаў рэкламныя ролікі. Знайшлі і канфіскавалі пнеўматычны аўтамат.

З пастановы на вобыск вынікае, што Ціханоўскі — падазраваны па крымінальнай справе на падставе артыкула 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі).

Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 мая ў Гродне, дзе праходзіў збор подпісаў за вылучэнне яго жонкі кандыдатам у прэзідэнты. Там здарыўся інцыдэнт з удзелам міліцыянераў, адзін з якіх упаў. МУС заявіла аб распачынанні крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Праваабаронцы абвясцілі Ціханоўскага палітвязнем. У яго абарону выказаліся Еўрапейская служба знешніх дзеянняў і Еўрапарламент. Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікала беларускія ўлады да „максімальнай стрыманасці”, а ЗША, ЕС і Вялікабрытанія — прыняць меры для „правядзення мірных, свабодных і справядлівых выбараў”.

belapan.by