Палата прадстаўнікоў прыняла ў двух чытаннях законапраект аб амністыі



Палата прадстаўнікоў 5 траўня разгледзела і прыняла ў двух чытаннях праект закона „Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў”.

Міністр унутраных спраў Юрый Караеў паведаміў, прадстаўляючы законапраект, што ён не мае істотных адрозненняў ад закона аб амністыі ад 2019 года. „Разам з тым у яго ўнесеныя пэўныя новаўвядзенні і дапаўненні, — дадаў міністр. — Законапраектам прапануецца скараціць тэрмін пакарання на адзін год асобам, асуджаным за карупцыйныя злачынствы, і ўсім асуджаным за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, за выключэннем паўналетніх, асуджаных па частках 4 і 5 арт. 328 КК. Гэта злачынствы, учыненыя ў складзе арганізаванай групы з выкарыстаннем лабараторнага абсталявання або якія мелі вынікам смерць чалавека. Амністыя ўжываецца толькі да асоб, якія станоўча характарызуюцца ў перыяд адбыцця пакарання, а таксама цалкам пакрылі шкоду, прычыненую здзейсненым злачынствам”.

Паводле папярэдніх разлікаў, пры рэалізацыі закона аб амністыі мяркуецца вызваліць каля 6.400 зняволеных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі — каля дзвюх тысяч, з папраўчых устаноў адкрытага тыпу — каля 700, асуджаных, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчых інспекцыях, — каля 2.600.

„Прадугледжваецца безумоўнае вызваленне ад усіх відаў пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, ад дадатковых пакаранняў, а таксама спыненне папярэдняга расследавання па крымінальных справах у дачыненні да пэўных катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі і адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх”, — сказаў Караеў.

Паводле яго слоў, амністыя не будзе распаўсюджвацца:

на тых, да каго ўжо ўжывалася амністыя ў 2015—2020 гадах і хто зноў здзейсніў наўмыснае злачынства ў перыяд нязнятай або непагашанай судзімасці;

на тых, хто не кампенсаваў шкоду;

на злосных парушальнікаў рэжыму падчас адбывання пакарання;

на асоб, якім пакаранне ў выглядзе смяротнай кары было замененае на пажыццёвае зняволенне;

на тых, хто здзейсніў злачынства ў стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення.

Рашэнне аб прымяненні амністыі будзе прымацца ў дачыненні да кожнай асобы індывідуальна, падкрэсліў кіраўнік МУС.

Папярэдняя амністыя была абвешчаная летам 2019 года ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яна закранула прыкладна 9 тыс. чалавек. Больш як 2,5 тыс. асуджаных выйшлі на волю.

belapan.by