„Палатачнікі” не будуць сустракацца з дэлегацыяй ПА АБСЕ



Беларуская парламенцкая дэлегацыя не будзе сустракацца з рабочай групай Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Беларусі падчас сесіі асамблеі, якая пройдзе ў гэтыя дні ў Жэневе.

Пра гэта паведаміў кіраўнік дэлегацыі, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Гумінскі.

„Не ведаю, будзе ці не такая сустрэча. Адназначна, што наша дэлегацыя яе ініцыяваць і ўдзельнічаць у ёй не будзе”, – сказаў ён.

Гумінскі адзначыў, што неаднаразова браў удзел у сустрэчах рабочай групы па Беларусі ў той час, калі яе ўзначальвала нямецкі дэпутат Ута Цапф (цяпер групу ўзначальвае шведскі дэпутат Крысціян Хольм).

„Паміж членамі групы я бачу непераадольныя супярэчнасці. Няма ніякай патрэбы марнаваць час, каб сустракацца і глядзець, як яны там спрачаюцца паміж сабой”, – адзначыў Гумінскі.