Паліткамітэт ПАСЕ абмяркуе сітуацыю ў Беларусі



Палітычны камітэт Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) абмяркуе 24 студзеня сітуацыю ў Беларусі. Дыскусія адбудзецца ў межах зімовай сесіі ПАСЕ, якая адкрылася напярэдадні ў Страсбургу.

ПАСЕ

Згодна з паведамленнем прэс-службы Савета Еўропы, слуханні па Беларусі павінны пачацца ў 8.30 па мясцовым часе (10.30 па мінскім) і будуць доўжыцца дзве гадзіны.

Для ўдзелу ў слуханнях запрошаныя два дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі — член апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая і Андрэй Навумовіч, старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ.

Як паведаміў 20 студзеня „Радыё Свабода” старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валерый Варанецкі, персанальных запрашэнняў у Страсбург не было, таму рашэнне, хто будзе прадстаўляць парламент на сесіі ПАСЕ, прымалася на пасяджэнні савета ніжняй палаты. „Спыніліся на двух кандыдатурах. Першая — гэта Андрэй Навумовіч, ён кіраўнік рабочай групы Палаты прадстаўнікоў па пытаннях смяротнага пакарання. Мы думаем, што гэтая праблема будзе адной з самых галоўных падчас дыскусіі, таму вырашылі накіраваць чалавека, які лепш за ўсіх валодае тэмай. Другая — дэпутат Ганна Канапацкая. Чаму менавіта яна? Таму што яе погляды на многія рэчы, скажам так, у пэўнай ступені адрозніваюцца ад поглядаў іншых дэпутатаў. Няхай еўрадэпутаты пачуюць розныя меркаванні”, — сказаў Варанецкі.

Ён таксама заўважыў, што называць сённяшняе мерапрыемства „слуханнямі па Беларусі не зусім дакладна” — гэта будзе „звычайнае абмеркаванне сітуацыі”.

У ПАСЕ ўваходзяць 318 дэпутатаў парламентаў 47 краін — членаў Савета Еўропы. Беларусь — адзіная еўрапейская дзяржава, якая не знаходзіцца ў Савеце Еўропы. У 1993 годзе беларускі парламент атрымаў статус спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ, але быў пазбаўлены яго пасля рэферэндуму 1996 года, які захаваў смяротнае пакаранне. Наяўнасць смяротнага пакарання з’яўляецца галоўнай прычынай, з-за якой Беларусь не ўваходзіць у Савет Еўропы.

13 снежня 2016 года ў Менску прайшла міжнародная канферэнцыя па праблеме адмены смяротнага пакарання, арганізаваная Саветам Еўропы ў супрацоўніцтве з МЗС Беларусі. Выступаючы на канферэнцыі, спецдакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні заклікаў беларускія ўлады для пачатку ўвесці часовы мараторый на смяротнае пакаранне. „Давайце на год ўвядзем мараторый і паглядзім, як гэта паўплывае на сітуацыю. <…> Давайце хаця б зробім першы крок, каб Беларусь змагла вярнуць статус спецыяльнага запрошанага. Думаю, што прыйшоў момант, калі Беларусь павінна нарэшце вырашыцца”, — сказаў спецдакладчык ПАСЕ.

belapan.by