Палітолаг: У Лукашэнкі ўжо няма магчымасцяў лавіравання ў адносінах з Расеяй



9 верасня Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Падчас сустрэчы, між іншым, будуць гаварыць пра так званую цесную інтэграцыю. У нашым эфіры палітычныя аналітыкі Валер Карбалевіч і Павал Усаў.

РР: Ці нагнятаецца ў краіне сітуацыя перад сустрэчай у Маскве?

Валер Карбалевіч: Сапраўды, інфармацыйныя крыніцы даволі вялікую ўвагу надаюць увогуле любой сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным, а гэтай – асабліва. І з нагоды гэтых дарожных мапаў ці саюзных праграмаў, як цяпер Лукашэнка сказаў, і з нагоды вайсковых вучэнняў, якія будуць у верасні, і шмат якіх іншых прычын. І прычым гаворка часта ідзе пра тое, што Беларусь знікне як дзяржава, будзе поўнае аб’яднанне з Расеяй. Таму ажыятаж ёсць сапраўды.

РР: Ці рыторыка Лукашэнкі гаворыць пра яго няпэўнасць?

Павел Усаў: Ён абсалютна цягам году паказаў, што ў адносінах з Расеяй у яго ўжо няма магчымасцяў лавіравання, няма магчымасцяў балансавання, нават магчымасцяў адрочыць падпісанне гэтых дарожных мапаў, што ён рабіў на працягу двух гадоў. А на працягу гэтага году было зроблена, на жаль, у кірунку падрыву незалежнасці даволі шмат. І гэта не толькі тыя працэсы, якія адбываюцца вакол падпісання дарожных мапаў і праграмы паглыблення інтэграцыі, але таксама перш за ўсё гэта стратэгічная вайсковая супраца, якая палягае на магчымым размяшчэнні  вайсковых адзінак і фактычна стварэння вайскова-адукацыйнага цэнтра ў Гарадзенскай вобласці, куды ўжо прыбылі расейскія элементы сістэмы ПВО разам з абслугай. Гэта ўжо сведчыць пра тое, што ў межах, прынамсі, стратэгічнай супрацы, незалежнасць Беларусі падарывана значна больш, чым пакуль што ў межах эканамічнай і палітычнай супрацы.

РР: Ці не пераацэньваем мы расейскую вайсковую прысутнасць у Беларусі?

Валер Карбалевіч: Шмат што не зразумела, асабліва з той інфармацыі, якую падаюць улады Беларусі пра стварэнне вайсковага вучэбнага цэнтру пад Гародняй. Паведамляецца, што прыязджае сюды падраздзяленне расейскіх зенітна-ракетных войскаў плюс самалёты расейскія прыбываюць. Для вучэбнага цэнтру не патрэбны вайсковыя падраздзяленні. Для яго патрэбныя нейкія макеты, асобныя адзінкі тэхнікі. І гэта выглядае дзіўна. Таму ёсць падазрэнне, што пад выглядам вучэбнага цэнтру фармуецца вайсковая база. Вельмі мала інфармацыі, таму трэба глядзець, што будзе далей.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: kremlin.ru