Палітвязня Андрэя Новікава вывезлі ў Расею з забаронай вяртацца 10 гадоў



Беларускага палітвязня Андрэя Новікава вывезлі ў Расею з забаронай вяртацца 10 гадоў. За кратамі ён правёў амаль паўгода. У Беларусі ў яго засталіся жонка і двое дзяцей (малодшаму дзіцяці паўтара года), паведамляе Радыё Свабода.

Новікаў — нараджэнец Беларусі (з Варапаева ў Пастаўскім раёне), але працяглы час жыў у Расіі, служыў у міліцыі, ваяваў на Каўказе (падпалкоўнік у адстаўцы), мае расейскае грамадзянства. Вярнуўся на радзіму. Удзельнічаў у стрыме Сяргея Ціханоўскага, расказваў і паказваў, што сталася з Варапаевам за апошнія дзесяцігоддзі. Пасля ён збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую.

Мужчыну затрымалі 6 чэрвеня ў Пастаўскім раёне і прывезлі ў Менск у СІЗА № 1. Андрэя Новікава абвінавацілі ў „арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Новікаў кажа, што яго завезлі на мяжу з Расеяй і там пакінулі.  Па словах палітвязня, яго сям’я „засталася як закладнікі”.

Беларускае Радыё Рацыя