Палітыкі заклікалі ўсебакова падтрымаць Белсат



Апоўдні, у офісе незалежнага прафсаюза РЭП у Менску, адбылася сустрэча палітыкаў і грамадскіх актывістаў па выпрацоўцы сумесных дзеянняў ды ініцыятыў па выратаванню тэлеканала Белсат. На мінулым тыдні ўсе незалежныя СМІ абышла трывожная вестка пра скарачэнне дзейнымі польскімі ўладамі на дзве трэці фінансавання Белсату і, нібы, патрабаванне перавесці яго на расейскую мову.

Белсат

Вёў сустрэчу яе ініцыятар ды адзін з першых айчынных палітыкаў, што адгукнуўся на трывожную навіну – Павел Севярынец:

–  Паводле падзей апошняга часу, на нас вядуць наступ, з аднаго боку, праславуты “рускі мір”, з другога – як 100 год таму, новы “рыскі”. Як і тады, палякі і расейцы спрабуюць “дзяліць” Беларусь, зусім не зважаючы, што тут мільёны тутэйшых, у якіх ёсць свае інтарэсы і ўласны лёс. Перакананы, што Белсат, адзіны ў свеце беларускамоўны канал, павінен надалей існаваць і жыць.

Аляксей Мінчонак, прадстаўнік Белсата ў Беларусі:

Тое, што адбываецца, цалкам сюррэалістычна і не паддаецца разумоваму тлумачэнню. Інфармацыі нагрувашчваюцца адна на адну. Пры тым, што афіцыйна канчатковай так і нямашака. За выключэннем учарашняга інтэрв’ю міністра Вашчыкоўскага, з якога мала што вынікае. Таму хацеў бы заклікаць усе палітычныя сілы, грамадзян далучыцца да тае петыцыі ў падтрымку, што на сайце change.оrg сёння размясціў рух “За свабоду”. Таксама будзем удзячныя за персанальныя звароты на адрасы Міністэрства замежных спраў, ураду і прэзідэнта Польшчы, што прымаюць рашэнне аб фінансаванні, а значыць, лёсе Белсата. Бо часам рэдкія галасы пра тое, што канал не мае ўплыву, яго ніхто не глядзіць ці, увогуле, непатрэбны – гучаць. Не ведаю, ці варта тлумачыць, што нас насамрэч глядзяць, чакаюць. Калі журналісты Белсата прыяджаюць у малыя гарады і мястэчкі, дзе няма хуткаснага інтэрнэта, вялікай колькасці кабельных аператараў – іх пазнаюць на вуліцах, плошчах ды кірмашах у твар. І гэта асноўны паказнік нашай папулярнасці. Святлана Калінкіна днямі вярталася з Варшавы, выйшла ў Берасці на перон папаліць і нейкая бабулька, што гандлявала піражкамі, паўглядалася на яе ды раптам спытала – а вы не Калінкіна?! Дый сам факт таго, што намі зараз гандлююць, больш чым красамоўна кажа, што моцна перашкаджаем уладам. Таму апошнія шукаюць розныя дыпламатычныя шляхі, каб ад нас пазбавіцца. Вось такі шлях быў знойдзены, нібы, праз замену ў кабельных сетках Белсата на “Палонію”. Шлях, безумоўна, заганны, бо прыбраць Белсат лёгка, аднавіць будзе несувымеральна цяжэй. Аль жа каб адключыць тую ж “Палонію”, пры выпадку, дастаткова будзе націснуць на кропку ў тых жа кабельных сетках. Палякі, урэшце, застануцца ў разбітага карыта ў Беларусі.

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня аргкамітэта БХД:

– Магчымае закрыццё Белсата – для мяне яскравы прэцэдэнт “новага парадку” ў сусветнай палітыцы, што настае. І ў дачыненні да Беларусі, і да дэмакратыі ў цэлым. Мы зараз знаходзімся ў вельмі небяспечным перыядзе гісторыі, калі мяняецца канцэпцыя ўсеагульнасці правоў чалавека ды адстойвання тае дэмакратыі на вяртанне міжнароднай палітыкі на 50-70 год таму. Калі, як і зараз, на тле правалаў памеранцавых рэвалюцый у арабскім свеце прыйшлі яшчэ больш жорсткія ісламісцкія рэжымы. І на фоне эканамічных, палітычных крызісаў вялікая колькасць дзеячаў Еўразвязу ды ЗША разглядаюць вяртанне да палітыкі, якую тады называлі “наш сукін сын”. То бок, якая прадугледжвае стасункі з аўтарытарнымі рэжымамі ў абмен на стабільнасць і захаванне міра. Тое, што адбываецца з Белсатам – мо першая сур’ёзная ластаўка гэтага ў Беларусі. Пад сур’ёзнай пагрозай стаіць не толькі Белсат, але ўсе дэмакратычныя СМІ. Дый сама грамадзянская супольнасць, што ўзнікла за гэтыя 25 год…

Юрась Губарэвіч, старшыня руху “За свабоду”:

– Белсат – той самы глыток свабоды, значэнне якога цяжка пераацаніць. Мы ўсе разумеем, у якіх умовах жывём апошнімі дзесяцігоддзямі. І рэжым Лукашэнкі зусім невыпадкова пачаў з удушэння свабоды прэсы, перадусім, электроннай. Ён цудоўна разумее – кантралюючы СМІ, можна кантраляваць грамадства. У гэтым сэнсе Белсат дапамагаў нам, палітыкам, даводзіць галоўнае – што ёсць АЛЬТЭРНАТЫВА далейшага развіцця краіны. Калі казаць пра наступствы такога кроку з боку цяперашняга польскага кіраўніцтва – гэта поўны негатыў. Хоць ёсць ваша радыё і інтэрнэт пакуль, але ў фармаце тэлевяшчання толькі Белсат займаў незалежную пазіцыю. У любой дэмакратычнай краіне не было б патрэбы спадзявацца на нейкія замежныя сродкі. Але Лукашэнка не пусціць на свае каналы іншую пазіцыю і думкі. Таму мы вельмі ўдзячныя пазіцыі польскіх уладаў, калі дзесяцігоддзе таму яны прынялі рашэнне аб заснаванні беларускага незалежнага тэлеканала і зусім не разумеем чаму адбываюцца змены. Бо той жа Вашчыкоўскі на сустрэчы з апазіцыяй гаварыў аб далейшай падтрымцы Белсата. У самой жа Беларусі нічога не змянілася. Рэпрэсіі не проста засталіся, але сталі больш інтэнсіўныя. Проста ў іншых формах, каб біць па кішэні. Як не было доступу на афіцыйныя каналы апазіцыйнай думцы, так і няма. Але заклікаю польскіх калег звярнуцца да рэтраспектывы. У часы, калі новая польская дзяржава паўставала на ногі, толькі дапамога, салідарнасць міжнароднай супольнасці дала магчымасць да рэальнага народнага пратэсту, што і прывёў да сённяшніх пераўтварэнняў. Няўжо пра гэта забыліся ў Варшаве?!  

Генадзь Фядыніч, кіраўнік незалежнага прафсаюза РЭП:

– Калі сёння не адстаім Белсат, заўтра можа не быць і ўсяго астатняга. УСІХ незалежных СМІ. Лічу мэтазгодным звярнуцца да нашага Саюза палякаў, каб калегі салідарызаваліся і выступілі за захаванне Белсата, пры чым на беларускай мове. Што да нас, мяркую варта размесціць на сваіх кампутарах адпаведныя тэксты пратэсту з уласнымі электроннымі подпісамі і адрасамі. Зрабіць за гэты тыдзень гэтую працу!

Па выніках сустрэчы быў прыняты зварот да ўрада Польшчы з заклікамі не разбураць Белсат, не паддавацца на ціск недэмакратычнага беларускага рэжыму, які фальсіфікуе выбары і падтрымаць справаю легендарны польска-беларускі спокліч “За нашу і вашу свабоду!”. Удзельнікі сустрэчы заклікалі грамадзян падтрымаць заўтра апоўдні вулічную акцыю ў падтрымку незалежнага тэлеканала, што адбудзецца ля адміністрацыі прэзідэнта ў Менску.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя