Памочнік дэпутата Канапацкай падаў заяву аб выхадзе з АГП
Памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў, актывісткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Канапацкой Дзяніс Ціханенка 13 кастрычніка напісаў заяву аб выхадзе з партыі.
Як паведаміў лідар партыі Анатоль Лябедзька, напісаць заяву аб выключэнні з арганізацыі было прапанавана Ціханенку на пасяджэнні палітсавету. Падставай для рашэння палітсавета АГП стала стварэнне грамадзянскай кампаніі „Наперад, Беларусь!”, пра якую Канапацкая абвясціла 9 кастрычніка, назваўшы яе „прынцыпова новым палітычным рухам”.
Ціханенка, па словах Лябедзькі, сказаў, што бярэ на сябе ўсю палітычную адказнасць за з’яўленне дакумента аб гэтай кампаніі.
„Чальцы палітсавета выказалі меркаванне, што стварэнне кампаніі падобна на дыверсію і правакацыю”, — сказаў Лябедзька.
У сваю чаргу Канапацкая паведаміла Радыё Рацыя, што напачатку наступнага тыдня зробіць заяву адносна пасяджэння палітсавета АГП і кампаніі “Наперад, Беларусь”. Яна падкрэсліла, што не збіраецца сыходзіць з партыі.
Беларускае Радыё Рацыя
