Памятны знак Віктара Івашкевіча атрымала “Альтэрнатыва”



Першы памятны знак імя Віктара Івашкевіча атрымала грамадскае аб’яднанне „Альтэрнатыва“ ды яго лідар Алег Корбан. Знак імя Віктара Івашкевіча заснаваны партыяй БНФ у памяць пра выбітнага палітыка-фронтаўца, арганізатара шматлікіх дэманстрацый ды шэсцяў, які летась пайшоў з жыцця.

Вырашана адзначаць памятным знакам асобаў ды арганізацыі, якія спрычыніліся да правядзення масавых акцый у Беларусі.

Гаворыць Алег Корбан:

– Прыз уручылі дастаткова нечакана пасля майго вызвалення пасля 10-ці сутачнага арышту на Акрэсціна. Калі выходзіў, сустрэлі сябры, паплечнікі, прадстаўнікі дэмакратычнага руху, І прадстаўнкі партыі БНФ сказалі, што вырашана даць першую ўзнагароду імя Віктара Івашкевіча нашай грамадскай ініцыятыве “Альтэрнатыва”. Для мяне вялікі гонар атрымаць такую прэмію імя выбітнага беларускага дзеяча, спадара Івашкевіча.

Крытэрамі для ўручэння памятнага знаку з’яўляюцца: актуальнасць тэмаў акцый і адпаведнасць нацыянальна-дэмакратычным прынцыпам і праграме Партыі БНФ, крэатыўнасць і творчы падыход, грамадскі розгалас і масавасць акцыі, а таксама яе ўплыў на грамадства.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

 Фота narodny.org