Парашэнка абвяшчае ваенную мабілізацыю



Пасля таго, як у выніку абстрэлу баевікоў на Данбасе загінулі не менш за 11 пасажыраў рэйсавага аўтобуса і 17 былі параненыя, прэзідэнт Украіны абвясціў пра чарговую хвалю мабілізацыі.

З гэтай нагоды Пётр Парашэнка запісаў адмысловы відэазварот да жыхароў Украіны:

– Упэўнены, што ўкраінскі народ падтрымае гэтае рашэнне і мабілізацыя будзе праведзена паспяхова. У сувязі з тэрарыстычнай атакай мы вымушаныя яшчэ больш узмацніць абмежаванні на перасоўванне праз лінію за якой знаходзяцца падкантрольныя баевікам раёны Данбаса. Узведзенне фартыфікацыйных умацаванняў, якія абараняюць ад магчымай контратакі з боку баевікоў, амаль завершанае. Аднак, я застаюся прыхільнікам мірнага ўрэгулявання на Данбасе.

Учора ўкраінскі бок паведаміў пра гібель і раненні цывільных асобаў у выніку траплення ракеты, выпушчанай з „Граду”, у аўтобус у Валнавасе ў Данецкай вобласці, і вінаваціць у гэтым прарасейскіх баевікоў. Яны сваю віну адмаўляюць, а расейскія і прарасейскія выданні разыходзяцца ў версіях.

Беларускае Радыё Рацыя