Парашэнка абяцае грамадзянства беларусам, якія абаранялі Украіну



Беларусы, якія змагаюцца на баку Украіны ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі, атрымаюць грамадзянства Украіны. Адпаведны ўказ плануе падпісаць прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка. Напярэдадні, выступаючы ў Вярхоўнай Радзе Украіны, кіраўнік Украіны заявіў, што станоўча адкажа на адпаведны зварот грамадзянаў Расеі і Беларусі, якія змагаюцца на ўсходзе Украіны. Украінскі палітолаг Яраслаў Чарназуб адзначае, што ўкраінскія ўлады павінны адмовіцца ад заігрывання з дыктатарамі з блізкага замежжа.

– Хацелася б, каб уся ўнутраная палітыка па інтэграцыі людзей, якія змагаюцца за свае перакананні, была рэалізавана. Гэта адпавядае і еўрапейскім вымаганням. Трэба адмаўляцца ад палітыкі падвойных стандартаў, якая была яшчэ да Лукашэнкі, і свабодна надаваць людзям, якія змагаюцца за свае перакананні ў Беларусі, яшчэ і грамадзянства Украіны.

Паводле дадзеных украінскага Міністэрства абароны, на ўсходзе Украіны ў складзе украінскага войска змагаецца некалькі дзясяткаў грамадзян Беларусі і Расеі. У сваю чаргу беларускі КДБ яшчэ ў чэрвені выступіў з адмысловай заяваў, дзе нагадаў, што беларускі Крымінальны кодэкс прадугледжвае адказнасць за ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі замежных краінаў.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота news.mail.ru