Парламент Польшчы ўхваліў прапанову пра галасаванне па пошце (абноўлена)



Галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы ўсё ж такі адбудзецца па пошце. Адпаведную пастанову ўхваліў польскі Сойм. У дакуменце таксама гаворыцца, што ў час эпідэміі маршалак польскага Сойму можа прыняць распараджэнне аб змене тэрміну выбараў.

Прыняты Соймам закон прадугледжвае, што прэзідэнцкія выбары ў 2020 годзе будуць праводзіцца толькі галасаваннем па пошце. Рашэнне будзе прымяняцца ў першым і ў другім туры выбараў. Галасаванне будзе праходзіць без перапынку з 6-й раніцы да 20-ці гадзін вечара. У гэтыя гадзіны выбаршчыкам – асабіста або праз іншую асобу – трэба будзе пакласці канверт (з карткай для галасавання і падпісанай дэкларацыяй аб асабістым і тайным галасаванні).

Дзеля карэспандэнцыйнага галасавання будуць адмыслова падрыхтаваныя паштовыя скрыні на тэрыторыі гміны, дзе зарэгістраваныя выбаршчыкі.

Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы прызначаныя на 10 траўня. Калі  маршалак польскага Сойму скарыстаецца прапісанай ў законе магчымасцю адтэрміноўкі выбараў, то адбудуцца яны 17-га траўня.

 

Foto: shutterstock/Andrey_Popov