Парламенцкая дэлегацыя Беларусі наведае Польшчу 11-14 лютага (абноўлена)



Парламенцкая дэлегацыя Беларусі на чале з кіраўніком Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам 11 лютага пачынае афіцыйны візіт у Польшчу, які працягнецца да 14 лютага.

Падчас візіту запланаваны сустрэчы з Прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, прэм’ер-міністрам краіны Матэушам Маравецкім, маршаламі Сената і Сейма Станіславам Карчэўскім і Марэкам Кухцінскім, а таксама з кіраўніком МЗС Яцэкам Чапутовічам.

14 лютага Міхаіла Мясніковіча чакаюць у Беластоку. Ён сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, кажа намеснік старшыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень:

– Наколькі я ведаю, то а 14:30 будуць ускладзены кветкі на магілах забітых у Залешанах, такі план ёсць. Ад БГКТ я дэлегаваны ў Залешаны ўскласці кветкі. Ці іншыя арганізацыі прадбачылі свой удзел, не ведаю. Потым а 17:00 у Оперы і філармоніі па вуліцы Адэскай, там у камеральнай малой залі, сустрэча з прадстаўнікамі беларускай меншасці ў Польшчы. Там прадбачына, наколькі я памятаю, дзве гадзіны такая сустрэча.

Падчас перамоў на высокім і вышэйшым узроўнях плануецца абмеркаваць актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, у тым ліку гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў галіне адукацыі, навукі, культуры і ў іншых галінах. Асаблівая ўвага палітыкі маюць намер надаць ролі парламенцкага вымярэння ва ўмацаванні беларуска-польскіх адносін. Акрамя таго, чакаецца заключэнне беларуска-польскага пагаднення аб сацыяльным забеспячэнні.

Парламенцкая дэлегацыя таксама наведае Польскую акадэмію навук і нанясе візіт у Беласток, дзе правядзе сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай нацменшасці і кіраўніцтвам Падляшскага ваяводства.