Парламенцкая дэлегацыя Турцыі знаходзіцца з візітам у Беларусі



10 верасня адбылася сустрэча намесніка міністра замежных спраў Алега Краўчанкі са старшынём камісіі па замежных справах Вялікага нацыянальнага сходу Турэцкай Рэспублікі Валканам Базкырам і дэпутатамі парламента Турцыі.

„Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня з акцэнтам на неабходнасць далейшага развіцця беларуска-турэцкіх гандлёва-эканамічных адносін і рэалізацыі існуючых інвестыцыйных праектаў”, — паведамляе прэс-служба МЗС.

Бакі таксама абмяняліся меркаваннямі пра сітуацыю ў рэгіёнах Усходняй Еўропы і Блізкага Усходу.

Акрамя сустрэчы ў МЗС парламенцкая дэлегацыя Турцыі таксама правяла перамовы ў Палаце прадстаўнікоў. Бакі абмяняліся думкамі па шырокім коле пытанняў, у тым ліку якія датычацца паглыблення супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай, культурнай і іншых сферах дзейнасці, паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў. Асаблівая ўвага надавалася развіццю міжпарламенцкіх сувязяў, фарміраванню дагаворна-прававой базы, узаемадзеянню на міжнародных пляцоўках.

Падчас сустрэчы старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валерый Варанецкі асабліва адзначыў „высокі ўзровень палітычнага дыялогу паміж дзвюма краінамі, які з’яўляецца трывалым фундаментам для далейшага развіцця дружалюбных беларуска-турэцкіх адносін”. Ён выказаўся за далейшае паглыбленне міжпарламенцкіх кантактаў і выказаў надзею, што правядзенне кансультацый пастаянных камісій па міжнародных справах парламентаў Беларусі і Турцыі стане добрай традыцыяй і зробіць дзейсны ўнёсак ва ўмацаванне двухбаковага палітычнага, гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва.

belapan.by