Партал TUT.by атрымаў трэцяе папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі



Міністэрства інфармацыі абвясціла чарговае папярэджанне TUT.BY – за артыкул «Да рэдактара TUT.BY прыйшлі сілавікі. На яе дачку завялі крымінальную справу аб масавых беспарадках».

У лісце Мінінфарма гаворыцца, што ў дачыненні да Валерыі Уласік крымінальная справа не пачыналася, а ператрус праводзіўся «у мэтах праверкі  інфармацыі аб датычнасці яе да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія адбываюцца на тэрыторыі горада Менска».

Аднак, адзначаецца ў паведамленні рэдакцыі TUT.by, асобы, якія прад’явілі Галіне і Валерыі Уласік пастанову на ператрус, заявілі, што Валерыя падазраецца ў здзяйсненні крымінальнага злачынства па артыкуле 293 КК РБ „Масавыя беспарадкі”.

Тое ж самае паспела сказаць сама Валерыя журналістам, калі садзілася ў машыну, на якой яе павезлі ў РУУС.

На працягу ўсяго дня 8 верасня журналісты TUT.by неаднаразова спрабавалі ўдакладніць статус Валерыі ў Следчым камітэце, аднак там сітуацыю так і не растлумачылі.

Гэта ўжо трэцяе папярэджанне, якое TUT.by атрымаў ад Міністэрства інфармацыі на працягу года. У адпаведнасці з законам аб СМІ, у выпадку вынясення двух і больш пісьмовых папярэджанняў на працягу года доступ да сеткавага выдання можа быць абмежаваны.