„Партнёрства ў падтрымку належнага кіравання”



 Еўразвяз і Савет Еўропы 7 траўня запусцілі другі этап сумеснай праграмы „Партнёрства ў падтрымку належнага кіравання” для краін Усходняга партнёрства. Як паведамляе прэс-служба Савета Еўропы, праграма будзе рэалізоўвацца ў 2019—2021 гадах. Яе агульны бюджэт складае 17,5 млн еўра.

Еўрапейскі Саюз выдзеліць 80% фінансавання другога этапу праграмы „Партнёрства ў падтрымку належнага кіравання”, у той час як Савет Еўропы будзе фінансаваць астатнія 20% і непасрэдна ажыццяўляць мерапрыемствы ў рамках праграмы.

Першы этап „Партнёрства ў падтрымку належнага кіравання” ажыццяўляўся з 2015 па 2018 год. У Беларусі, у прыватнасці, былі праведзены трэнінгі для 17 дзяржаўных устаноў па метадах ацэнкі карупцыйных рызык.

На другім этапе праграмы праекты, якія ажыццяўляюцца толькі ў Беларусі, будуць факусавацца на дзвюх тэмах — супрацьдзеянне адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму ў краіне і ажыццяўленне судовых рэформ.

Акрамя гэтага, Беларусь будзе задзейнічана ў трох рэгіянальных праектах з удзелам іншых краін Усходняга партнёрства.

belapan.by