Партыя БНФ шукае на Берасцейшчыне валанцёраў
Патэнцыйныя кандыдаты ад БНФ на Берасцейшчыне шукаюць валанцёраў для правядзення кампаніі перад парламенцкімі выбарамі. Валанцёры могуць удзельнічаць у агітацыйнай кампаніі, быць назіральнікамі на выбарах, а таксама распаўсюджваць партыйную інфармацыю, – кажа лідар берасцейскай абласной арганізацыі партыі БНФ Зміцер Шыманскі:
– Фактычна валанцёры – гэта агітатары, гэта людзі, якія павінны ведаць праграму Партыі БНФ, натуральна, падзяляць гэтую праграму. Умець камунікаваць з людзьмі – умець размаўляць, умець пераконваць. Але не трэба баяцца таго, што вы не валодаеце такімі кампетэнцыямі. У нас праходзяць навучальныя курсы для валанцёраў, для сябраў выбарчых штабоў, і мы можам навучыць, як рабіць тое, што патрэбна пад час выбарчай кампаніі, каб наш кандыдат здабыў падтрымку выбаршчыкаў.
„Нашыя кандыдаты разам са сваімі камандамі, у тым ліку новымі валанцёрамі, будуць сустракацца з выбаршчыкамі, агучваць праблемы, якія турбуюць грамадства і паказваць прыклады, як іх можна вырашаць,” – дадае Зміцер Шыманскі.
Беларускае Радыё Рацыя
