Партыя БНФ: Улады зрабілі стаўку на рэпрэсіі



Не маючы ідэй, дзе ўзяць грошай на падтрымку эканамічнай стабільнасці, беларускія ўлады зрабілі стаўку на жорсткія рэпрэсіі. Пра гэта заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, выступаючы 13 траўня ў Менску на сойме арганізацыі.

Паводле яго слоў, асноўным лейтматывам апошніх месяцаў стала ўзмацненне рэпрэсій, у тым ліку арыштаў актывістаў. У прыватнасці, фігурантам справы „Белага легіёну” было прад’яўлена абвінавачанне ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Акрамя таго, дадаў палітык, шырока выкарыстоўваўся адміністрацыйны пераслед у выглядзе арыштаў і штрафаў.

„Сітуацыя ў Беларусі вярнулася ў стан некалькіх гадоў таму, калі ў краіне былі палітвязні і фактычна была немагчыма вулічная актыўнасць. Прэсінг на беларускае грамадства ідзе вельмі жорсткі. Патлумачыць гэта можна толькі страхам уладаў страціць кантроль над сітуацыяй у краіне на фоне незадаволенасці беларусаў сваім эканамічным становішчам „, – сказаў Янукевіч.

Палітык лічыць, што ўзровень дамоўленасцей Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Расеі цяпер недастатковы, каб нават на кароткі перыяд вырашыць эканамічныя праблемы Беларусі. Таму, адзначыў, восенню ўлады могуць быць вымушаны пайсці на чарговыя непапулярныя рашэнні ў эканоміцы.

Янукевіч таксама лічыць, што палітыка беларускіх уладаў нясе небяспеку не толькі ў кантэксце збяднення беларусаў, але і пагражае незалежнасці краіны. „Чым больш слабым будзе беларускае грамадства, тым лягчэй Расеі будзе рэалізаваць у Беларусі свае імперскія амбіцыі”, – падкрэсліў ён.

Адной з пагроз незалежнасці Беларусі Янукевіч назваў правядзенне беларуска-расейскіх вучэнняў „Захад-2017” на тэрыторыі Беларусі і Расеі ў верасні гэтага года.

belapan.by

Фота narodny.org

[manual_related_posts]