Партыя БНФ заклікала адмовіцца ад удзелу ў выбарах і далучыцца да назірання



Партыя БНФ заклікае ўсіх патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты адмовіцца ад удзелу ў выбарах і далучыцца да працы кампаній па назіранні для „выяўлення і фіксацыі злачынстваў рэжыму, якія робяцца падчас несумленных і несапраўдных „каранавыбараў”. Пра гэта гаворыцца ў заяве сойма партыі ад 12 ліпеня, апублікаванай на сайце палітычнай арганізацыі.

„Нягледзячы на пашырэнне ў Беларусі каранавіруснай інфекцыі COVID-19, улады краіны абвясцілі правядзенне чарговых выбараў прэзідэнта, — заўважаецца ў дакуменце. — Безадказная палітыка, заснаваная на адмаўленні рэальнай пагрозы, прыводзіць да вялікіх людскіх стратаў: каля 65 тысяч жыхароў Беларусі ўжо былі інфіцыраваныя COVID-19, каля паўтысячы чалавек пайшлі з жыцця праз каранавірус. Гэтыя лічбы няспынна павялічваюцца, нягледзячы на злачынныя спробы ўладаў паменшыць памеры трагедыі шляхам маніпуляцыяў з медычнай статыстыкай ды блюзнерскія абвінавачанні на адрас медыкаў і саміх загінулых. Заявы пра „перамогу над вірусам” ва ўмовах, калі людзі гінуць, ёсць злачыннай спробай цяперашняга рэжыму апраўдаць свае злачынствы дзеля захавання аўтарытарнай сістэмы ўлады”.

У заяве адзначана, што „палітыка бяздзеяння і адмаўлення рэчаіснасці” прывяла да „шматлікіх людскіх ахвяраў, збяднення насельніцтва і паглыблення эканамічнага крызісу, які ў бліжэйшай перспектыве будзе толькі павялічвацца”.

У партыі лічаць: „Тое, якім чынам была абвешчаная і як арганізуецца выбарчая кампанія, сведчыць пра правал палітыкі Лукашэнкі і пра няздольнасць дыктатуры ўлічваць інтарэсы людзей і беларускага народа”. „Гэтай палітыцы рэжыму не можа быць апраўдання, — упэўненыя аўтары дакумента. — Таксама небяспечным і недаравальным з`яўляецца саўдзел у гэтых злачынных дзеяннях рэжыму. Адказныя палітычныя сілы, якія клапоцяцца пра інтарэсы беларускага народа, не павінныя быць памагатымі ў дзейнасці, якая шкодзіць беларускаму народу, не павінныя даваць рэжыму нагоду для апраўдання і зняцця з яго адказнасці за гібель людзей”.

Аўтары заявы канстатуюць, што выбары адбываюцца „ва ўмовах нязменнасці выбарчага заканадаўства”, калі працуе „ранейшая сістэма фальсіфікацый і маніпуляцый, скіраваных на скажэнне волі беларускага народа”. Сёлета, на думку членаў сойма партыі, сістэма працуе „яшчэ больш нахабна і бессаромна, у тым ліку пры адсутнасці паўнавартасных місій міжнароднага назірання”. Тэрытарыяльныя і ўчастковыя выбарчыя камісіі „сфармаваныя без удзелу апазіцыі”, таму, лічаць яны, „не можа быць аніякага даверу тым лічбам, якія будуць абвешчаныя гэтымі камісіямі па выніках падліку галасоў”.

„Шырокае ўжыванне адміністрацыйнага рэсурсу і дзяржаўных сродкаў на карысць дзеючага прэзідэнта, хваля арыштаў, крымінальнага пераследу і рэпрэсій, скіраваная супраць апанентаў улады, актывістаў грамадзянскай супольнасці, журналістаў, блогераў і любых актыўных грамадзянаў, азначаюць, што цяперашнія выбары ні ў якім разе не могуць быць прызнаныя як свабодныя і сумленныя, — заяўляюць у Партыі БНФ. — Штабы некаторых кандыдатаў, якія легкадумна разлічвалі на магчымасць дасягнення нейкіх тактычных ці прыватных мэтаў праз працу ў межах, што акрэсленыя дзеючым заканадаўствам, цяпер плацяць вялікі кошт за свае пралікі. Беззаконне і гвалт з боку рэжыму ў дачыненні да палітычных апанентаў выклікаюць справядлівае абурэнне і з`яўляюцца недаравальнымі. Партыя БНФ патрабуе вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, якія былі кінутыя за краты падчас гэтай выбарчай кампаніі, а таксама да яе пачатку. БНФ рашуча пратэстуе супраць катаванняў, што ўжываюцца супраць вязняў”.

„Ніякія тактычныя альбо прыватныя інтарэсы асобных дзеячаў, партый ці кандыдатаў не могуць служыць апраўданнем саўдзелу ў падвойным злачынстве несапраўдных „каранавыбараў”. Сумленныя выбары не могуць адбыцца ў атмасферы рэпрэсій і запалохвання. Ніякія палітычныя разлікі не могуць служыць апраўданнем дзейнасці, якая цягне за сабой пашырэнне небяспечнай інфекцыі COVID-19 і наступныя смерці людзей”, — падсумаваў сойм партыі.

Выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 9 жніўня.

belapan.by