Партыя БНФ: Затрыманні інспіраваныя прарасейскімі сіламі ў кіраўніцтве краіны



Затрыманні беларускіх патрыётаў інспіраваныя прарасійскімі сіламі ў кіраўніцтве краіны, гаворыцца ў заяве ўправы сойма Партыі БНФ, якая паступіла ў БелаПАН 22 сакавіка.

Партыя БНФ выказвае рашучы пратэст у сувязі з масавымі затрыманнямі супрацоўнікамі КДБ 21—22 сакавіка грамадзян Беларусі, „звязаных з працаю вайскова-спартыўнага клуба „Патрыёт”, зарэгістраванага пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Ленінскага раёна Бабруйска, а таксама незарэгістраванай патрыятычнай суполкі „Белы легіён”, якая спыніла сваю актыўную дзейнасць больш за 10 гадоў таму”.

„Мы расцэньваем гэтыя затрыманні як інспіраваную прарасійскімі сіламі ў кіраўніцтве краіны акцыю па нейтралізацыі сапраўдных патрыётаў Беларусі, найбольш адданых абаронцаў незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці нашай дзяржавы. Падкрэсленая антыбеларускасць гэтай акцыі асабліва яскрава выглядае на фоне лаяльнага стаўлення цяперашніх уладаў да дзейнасці прарасійскіх парамілітарных груповак, кшталту „Беларускага казацтва”, „Казачага спасу” і д.п., якія па ўсёй Беларусі бесперашкодна праводзяць вайсковую і ідэалагічную падрыхтоўку „салдатаў „рускага свету”, у тым ліку з непаўналетніх грамадзянаў нашай краіны”, — падкрэсліваецца ў заяве.

У сувязі з гэтым Партыя БНФ патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых 21—22 сакавіка беларускіх патрыётаў і правядзення тэрміновага публічнага расследавання ў дачыненні да асобаў, якія спрычыніліся да гэтай ганебнай антыбеларускай акцыі.

Як паведамлялася раней, вечарам 21 сакавіка ў Беларусі былі затрыманыя двое былых актывістаў маладзёжнай патрыятычнай арганізацыі „Белы легіён”, якая фактычна спыніла сваё існаванне яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў, — супрацоўнік выдавецтва „Кнігазбор” Міраслаў Лазоўскі і супрацоўнік МНС Андрэй Дундукоў. Таксама быў затрыманы распаўсюджвальнік беларускамоўных кніг Алесь Яўдаха, паводле неафіцыйнай інфармацыі, па падазрэнні ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

22 сакавіка стала вядома пра затрыманне ваеннаслужачага Яна Міхалькова, сына кіраўніка бабруйскага ваенна-патрыятычнага клуба „Патрыёт”. Усяго, паводле непацверджанай пакуль інфармацыі, затрымалі больш за дзясятак чалавек, сярод якіх ёсць супрацоўнікі сілавых структур і пагранічных органаў. Некаторыя з іх, верагодна, якім-небудзь чынам звязаныя з клубам „Патрыёт”.

Праваахоўныя органы гэтую інфармацыю пакуль не каментуюць.

belapan.by