ПАСЕ не будзе праводзіць тэрміновыя дэбаты па сітуацыі ў Беларусі
Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) не будзе праводзіць тэрміновыя дэбаты на тэму „Пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі” ў межах сваёй зімовай сесіі. Такое рашэнне прынятае 25 студзеня на адкрыцці сесіі ў Страсбургу. Відэатрансляцыя сесіі вялася на сайце ПАСЕ.
Паводле слоў прэзідэнта асамблеі Рыка Дамса, на пасяджэнні 22 студзеня бюро ПАСЕ рэкамендавала „адхіліць просьбу аб абмеркаванні ў межах працэдуры тэрміновых дэбатаў па пытанні аб пагаршэнні сітуацыі ў Беларусі”.
Дэпутат ад Польшчы Богдан Кліх заявіў, што ён і яшчэ шэраг яго калег расчараваныя такой рэкамендацыяй. „Мы расчараваныя тым, што гэта прапанова была адхіленая, — сказаў Кліх. — Мы стаім перад абліччам драматычнай сітуацыі ў Беларусі. Некалькі чалавек забітыя, зведалі катаванні, многія беларусы прайшлі праз затрыманні і арышты. Я ўпэўнены, што Савет Еўропы і яго парламенцкая асамблея павінны выдзеліць час на гэта пытанне, прычым, неадкладна”.
Ціні Кокс (Нідэрланды) выказаўся супраць правядзення тэрміновых дэбатаў. Сваю пазіцыю ён растлумачыў так: „Я цалкам згодны з тым, што сказаў спадар Кліх: сітуацыя ў Беларусі выклікае вялікую занепакоенасць. Асамблея ўжо прыняла рашэнне падрыхтаваць два даклады па сітуацыі ў Беларусі. Гэта праца ідзе. Я думаю, што такім чынам мы можам лепш за ўсё дапамагчы беларускаму народу — разабрацца ў пытанні і потым прыняць выразную рэзалюцыю з тым, каб абараніць тых, хто выступае за дэмакратыю ў Беларусі, а не праводзіць цяпер дыскусію ў рамках працэдуры тэрміновых дэбатаў”.
Пытанне аб правядзенні тэрміновых дэбатаў па сітуацыі ў Беларусі было вынесенае на галасаванне членаў ПАСЕ. 46 чалавек прагаласавалі за іх правядзенне, 93 — супраць, 9 — устрымаліся.
Згодна з працэдурай, з усіх прапанаваных для дэбатаў тэм у межах адной сесіі могуць абмяркоўвацца толькі дзве. Было вырашана, што на зімовай сесіі ПАСЕ пройдзе абмеркаванне па тэмах „Свабода выказвання думак пад пагрозай з боку вялікіх тэхналагічных кампаній” і „Арышт і заключэнне пад варту Аляксея Навальнага”.
Фота: Global Look Press/Council of Europe Parliamentary
