Пашпартнага кантролю на авіярэйсах з РФ не будзе



Беларусь зараз не бачыць прычын для правядзення пагранічнага кантролю на ўнутраных рэйсах паміж Расейскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, заявіў 5 траўня журналістам начальнік упраўлення пагранічнага кантролю Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Алег Ляшук, каментуючы новаўвядзенні расейскага боку.

5 траўня дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота паведаміў, што ўсе авіярэйсы, якія выконваюцца паміж РФ і Беларуссю, з 15 мая пераводзяцца ў міжнародныя сектары расейскіх аэрапортаў. Паводле яго слоў, пагранічны кантроль расейскіх і беларускіх грамадзян, якія ляцяць гэтымі рэйсамі, ажыццяўляцца не будзе — яны па-ранейшаму змогуць перасякаць мяжу па ўнутраных пашпартах. Адзінай зменай для іх стане неабходнасць захоўваць пасадачны талон, які трэба будзе падаваць пасля прыбыцця ў Расею. „Адзнакі аб перасячэнні мяжы ў пашпарце ставіць не будуць”, — удакладніў Рапота.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык паведаміў, што афіцыйнае паведамленне расейскага боку аб новаўвядзенні было атрыманае 21 красавіка. МЗС аператыўна праінфармавала пра гэта ўсе зацікаўленыя ведамствы, уключаючы Дзяржпагранкамітэт, Дзяржаўны мытны камітэт, МУС і Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі.

„Згодна з запэўненнем расейскага боку, новы парадак не прывядзе да ўшчамлення свабоды перамяшчэння беларускіх і расійскіх грамадзян. Паглядзім, як будуць рэалізоўвацца гэтыя новыя падыходы”, — сказаў Мірончык.

Паводле слоў Алега Ляшука, Дзяржпагранкамітэт атрымаў інфармацыю, што з 15 мая „расейскі бок у авіяцыйных пунктах пропуску будзе ажыццяўляць пагранічны кантроль у дачыненні да паветраных суднаў, якія прыбываюць з Рэспублікі Беларусь і рухаюцца у зваротным кірунку, у тым ліку і пасажыраў”. З гэтай мэтай яе авіярэйсы будуць пераведзеныя ў міжнародныя сектары аэрапортаў РФ.

„У дачыненні да грамадзян Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі пагранічны кантроль ажыццяўляцца не будзе. Яны могуць падаць дакументы, якія сведчаць асобу, і пасадачныя талоны на той ці іншы рэйс у адным або іншым кірунку”, — сказаў прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта.

„У Рэспубліцы Беларусь пагранічны кантроль на паветраных суднах, якія ляцяць з Беларусі ў Расею і ў зваротным кірунку, ажыццяўляцца не будзе”, — запэўніў Ляшук.

belapan.by