Паслоў еўрапейскіх краін выклікаюць у МЗС
Паслоў еўрапейскіх краін выклікаюць увечары 18 чэрвеня ў Міністэрства замежных спраў Беларусі. Пра гэта БелаПАН паведамілі крыніцы ў дыпламатычных колах.
Пра прычыны выкліку пакуль невядома. На просьбу пракаментаваць дадзеную інфармацыю прэс-сакратар МЗС заявіў: „Мне няма чаго адказаць на гэта. Зараз мы цалкам сканцэнтраваныя на саміце Усходняга партнёрства, а таксама відэаканферэнцыі па ініцыятыве КНР „Пояс і шлях”.
Сёння раніцай у Мінску затрыманы адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка. Паводле паведамлення штаба Бабарыкі, ён разам з сынам Эдуардам адправіўся здаваць чарговую частку сабраных подпісаў, неўзабаве абодва яны перасталі выходзіць на сувязь. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца на допыце ў дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Афіцыйнай інфармацыі на гэты конт няма, бо прэс-сакратар КДК на званкі не адказвае, а адвакатаў да Бабарыкі не пускаюць. У доме Віктара Бабарыкі пад Мінскам зараз ідзе вобшук — пра гэта паведамляюць журналісты, якія там дзяжураць.
Напярэдадні гэтых падзей кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Дзірк Шубель заявіў БелаПАН, што ў ЕС „занепакоеныя нядаўнімі дзеяннямі, распачатымі супраць Віктара Бабарыкі”, і заклікаюць „да поўнага выканання законнасці і празрыстага расследавання”.
11 чэрвеня ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка”, які Віктар Бабарыка ўзначальваў каля 20 гадоў і пакінуў у сувязі з удзелам у прэзідэнцкай кампаніі, а таксама шэрагу іншых кампаній прайшлі вобшукі.
12 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што КДК правярае „Белгазпрамбанк” па яго даручэнні. Пры гэтым ён сцвярджаў, што ніякай палітычнай падаплёкі ў гэтай справе няма.
Сам Бабарыка звязвае гэтыя падзеі з яго палітычнай дзейнасцю. „Маштабнасць гэтай акцыі беспрэцэдэнтная, — сказаў ён 16 чэрвеня ў інтэрв`ю тэлеканалу „Белсат”. — Яна праводзіцца ў рамках перадвыбарнай кампаніі, і з майго пункту гледжання, відавочна, што яна носіць палітычны характар”.
17 чэрвеня каманда Бабарыкі паведаміла, што яго разліковы рахунак са сфармаваным выбарчым фондам заблакаваны.
Паводле звестак штаба Бабарыкі, у падтрымку яго вылучэння кандыдатам у прэзідэнты сабрана 425 тысяч подпісаў — гэта рэкордны паказчык для альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта ў перыяд усіх выбарчых кампаній у Беларусі.
Фота: baj.by