Пасол Беларусі ў Нідэрландах асудзіў гвалт з боку сілавікоў



Пасол Беларусі ў Нідэрландах Андрэй Еўдачэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу NOS (уваходзіць у структуру нідэрландскага грамадскага тэлевяшчальніка NPO) асудзіў гвалт сілавікоў у дачыненні да пратэстоўцаў у Беларусі.

Паводле яго слоў, гвалт нельга апраўдаць і „адказны за гэта АМАП” трэба заклікаць да адказу і пакараць. Разам з тым ён звярнуў увагу, што „ўзровень гвалту ўжо значна знізіўся”.

Еўдачэнка заявіў, што Беларусь „тэрмінова мае патрэбу ў далёкасяжных рэформах па ўсіх напрамках — у эканоміцы, палітыцы, сацыяльнай сферы”. Аднак, на яго думку, пратэсты і яго лідары не вырашаць праблемы ў краіне. „Я не ведаю спадарыню [Святлану] Ціханоўскую, ніколі не сустракаў яе, і яна, напэўна, добрая хатняя гаспадыня, але маёй краіне патрэбны іншы лідар — з вялікім вопытам. У іншым выпадку я прадбачу грамадзянскую вайну”, — заявіў дыпламат.

Ён канстатаваў, што Беларусь „на 95% эканамічна залежная ад Расеі”. Паводле яго слоў, „прыдумаць новы сцяг ці новы гімн для краіны даволі лёгка”, але адносіны з Расеяй — „самая складаная частка тых змен, якія мы хацелі б бачыць”.

Еўдачэнка выказаў надзею на падтрымку і параду з боку Нідэрландаў і ЕЗ: „Мы можам атрымаць урокі з вашага вопыту, і мая праца — развіваць цесныя сувязі ў Еўрапейскім саюзе”.

На думку пасла, новая будучыню Беларусі з рэформамі магчымая пры Аляксандры Лукашэнку. „Нам давядзецца ўцягнуць яго ў дыялог, у якім будуць удзельнічаць многія іншыя бакі”, — падкрэсліў ён.

Разам з тым на пытанне аб яго дзеяннях, калі апынецца, што большасць грамадзян Беларусі хочуць пазбавіцца ад Лукашэнкі, дыпламат адказаў: „Тады я падпарадкуюся людзям”.

15 жніўня пасол Беларусі ў Славакіі Ігар Ляшчэня публічна падтрымаў беларусаў, якія выйшлі на мірныя пратэсты, і асудзіў гвалт з боку сілавікоў. Дыпламат падаў у адстаўку, 24 жніўня Лукашэнка вызваліў яго ад пасады.

18 жніўня пасол Беларусі ў Іспаніі Павел Пуставой выступіў з заявай, у якой заклікаў беларускія ўлады правесці пералік галасоў на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня. 31 жніўня Лукашэнка звольніў яго сваім указам за „неналежнае выкананне службовых абавязкаў”.

За адстаўку Лукашэнкі пасля падзей, якія рушылі за 9 жніўня, выступіў былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч.

Акрамя таго, за падтрымку ўдзельнікаў мірнай акцыі ў Дэлі, якія выказалі салідарнасць з беларусамі, у канцы жніўня быў звольнены трэці сакратар па гандлёва-эканамічных пытаннях пасольства Беларусі ў Індыі Андрэй Місюра.

belapan.by