Пасол Беларусі уручыў даверчыя граматы прэзідэнту Сінгапура



Пасол Беларусі Валерый Калеснік уручыў даверчыя граматы прэзідэнту Сінгапура Халіме Якаб.

„Падчас пратакольнай сустрэчы з прэзідэнтам бакі пацвердзілі зацікаўленасць ва ўмацаванні сяброўскіх адносін, адзначылі вялікі патэнцыял для нарошчвання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і актывізацыі сумеснай працы ў сферы вышэйшай адукацыі”, — паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

Валерый Калеснік быў прызначаны паслом у Інданезіі і па сумяшчальніцтве ў Малайзіі, Сінгапуры і на Філіпінах 14 верасня 2017 года. Раней ён займаў пасаду намесніка дырэктара дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства замежных спраў, а да 2013 года быў паслом у Турцыі.

Як заявіў падчас прызначэння Аляксандр Лукашэнка, падчас яго візіту ў Інданезію і Сінгапур у 2013 годзе быў вызначаны шэраг кірункаў супрацоўніцтва. „У мяне такое ўражанне, што ўсё, мабыць, так і засталося. І міністр (кіраўнік МЗС Уладзімір Макей.) ні разу мне не далажыў, што ў нас ёсць нейкія праблемы з выкананнем тых дамоўленасцяў. Калі вы „пахавалі” дамоўленасці на ўзроўні прэзідэнта, я ўяўляю, што з дамоўленасцямі на ўзроўні прэм’ер-міністра, міністраў. Ніякіх турыстычных паездак, галоўная наша задача — канкрэтныя дамоўленасці. Яны павінны рэалізоўвацца. Асабліва ў такіх буйных дзяржавах, як Расія, Кітай, Пакістан, Індыя, і ў тым ліку Інданезія. Вялізная краіна, якая мае патрэбу ва ўсім. Тое, што мы прапануем, ім вельмі неабходна”, — сказаў Лукашэнка.

Нагадаем, пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў 25 студзеня паведаміў на пасяджэнні круглага стала ў Мінску, што Еўразійскі эканамічны саюз рыхтуецца стварыць зоны свабоднага гандлю з Іранам, Сінгапурам, Ізраілем, Індыяй, Егіптам і Сербіяй.

belapan.com